Аб'ектыў 22.11.2017 Інвалід, якую чыноўнікі пазбавілі дапамогі: Мне гніць?


55-гадовая Таццяна Пранько – інвалід І-ай групы. Аднак пастаўлены ў дзяцінстве дыягназ – ДЦП – не прыкаваў яе да ложка. Жанчына выйшла замуж ды знайшла ў сабе сілы заняцца індывідуальным прадпрымальніцтвам. Толькі вось памкненняў Таццяны не раздзялілі мясцовыя ўлады. З Берасцейскага аблвыканкаму даслалі ліст, што пазбаўляюць ейнага памочніка грашовай дапамогі за догляд.

«Калі вы выязджаеце на вуліцу, дыхаеце паветрам, кантактуеце з людзьмі, а яшчэ плюс гандлюеце, то вы лічыцеся цалкам здаровым чалавекам», – абураецца спадарыня Пранько.

Жанчыну паставілі перад выбарам

Або прадпрымальніцтва, або дапамога ад дзяржавы. Маўляў, калі яна гандлюе на рынку самастойна, то догляд адмысловага чалавека ёй не патрэбны. А пры жаданні яна можа аплочваць працу апекуна са сваёй кішэні.

«Справа ў тым, што, калі мяне не будуць даглядаць, то навошта мне гэтае прадпрымальніцтва? Ляжаць у ложку, у столю глядзець? Гніць?», – кажа Таццяна Пранько.

Самастойна жанчына не ў стане нават сесці ў вазок

Вывозіць яе на вуліцу, хадзіць у краму і аптэку мужу, інваліду ІІ групы, дапамагаў зяць Дзяніс Ткач. Ён аформіў на сябе афіцыйны догляд за жанчынаю. Цяпер – вымушаны шукаць новую працу.

«Перасталі плаціць дапамогу, а мне трэба карміць сям’ю. Атрымліваецца, ёй застаецца ляжаць на ложку», – даводзіць Дзяніс Ткач, зяць Таццяны.

Аплаціць са сваёй кішэні працу памочніка Таццяна, нават калі б і хацела, не можа. Гандлюе яна не столькі дзеля грошай, колькі для сацыялізацыі – гадзіну на дзень. Паводле юрыста і дырэктара Цэнтру правоў людзей з інваліднасцю, афіцыйна прадпрымальніцкая дзейнасць – не перашкода, каб мець памочніка. Абмежаванні датычаць толькі апекуна.

Абслугоўваць сябе сама жанчына таксама не можа

У спробе атрымаць адказ на пытанне, чаму ж сацыяльныя службы ўзялі на сябе ролю карнага органа ды забываюць пра тое, што мусяць дапамагаць, Таццяна звярнулася ў абласное ўпраўленне фонду сацыяльнай абароны. Аднак сітуацыя дагэтуль не зрушылася з месца.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары