Інвалід vs падаткавая


Жыхар Гомля Сяргей Кузьменка – інвалід другой групы і былы індывідуальны прадпрымальнік. Некалькі гадоў таму ў мужчыны здарыўся інсульт.

Згубіў памяць, не мог пісаць, нічога не мог«, – кажа Іінвалід Сяргей Кузьменка.

У выніку хваробы мужчына стаўся яшчэ і амаль нерухомы. Але Кузьменка не паддаўся. Вельмі павольна, праз трэнаванні ў хаце, пад’ёмы па лесвіцы, ён вярнуў сабе магчымасць рухацца і хадзіць. Але тут прыйшла другая бяда. Ліст з падатковай. У ім сцвярджалася, што Кузьменка не закрыў сваёй прадпрымальніцкай дзейнасці. І нягледзячы ні на тое, што ён згубіў памяць, ні на тое, што не мог фізічна прыйсці ў службу, яму налічылі штраф.

«Пенсія 2 мільёны, а 800 тысяч забяруць на штраф. А мне раз на год патрэбна на лячэнне на 2 мільёны», – кажа ён.

З моманту першага інсульту ў спадара Сяргея яшчэ двойчы здараліся інфаркты. Цяпер яму патрэбнае адмысловае лекаванне, але бясплатныя лекі не заўсёды падыходзяць. Некаторыя трэба набываць. Кузьменка неаднаразова звяртаўся ў службы сацыяльнае дапамогі, але там толькі рукамі разводзяць: маўляў – у вас незакрыты статус індывідуальнага прадпрымальніка, клапаціцеся пра сябе самі. Мы вам нічым не можам дапамагчы.

«Калі чалавек быў ІП, а цяпер хоча дапамогі, то гэта нейкі індывідуальны падыход трэба прымяніць. Але закона такога няма», – кажа праваабаронца Леанід Судаленка.

Закону няма, але сітуацыя ўсё ж нештодзённая: чалавек згубіў памяць і магчымасць хадзіць. Ці не варта для такіх выпадкаў законы прыдумаць, напісаць і зацвердзіць? Уся ж вертыкаль улады, ад кіраўніка краіны да кіраўнікоў калгасаў, няспынна цвердзіць, што Беларусь – сацыяльная дзяржава.

«Я згодны са штрафам, калі няма ў нас закона, які ўлічвае, што чалавек – інвалід, то я заплачу. Але ж не так, каб адправіць мяне на той свет», – кажа інвалід Сяргей Кузьменка.

belsat.eu