Інцыдэнты на БелАЭС


Афіцыйна праблемаў са станцыяй не прызнаюць. Інфармацыя аб надзвычайным здарэнні на Беларускай атамнай станцыі паступіла антыядравым актывістам ад мясцовых жыхароў яшчэ ў верасні.

«Гэта была вельмі незразумелая інфармацыя. Што здарылася, што куды адваротнай цягай уцягнула? Адзінае, што мы маглі ў такой сітуацыі зрабіць, мы напісалі ад «Экадому» ў Дзяржатамнагляд наконт таго, ці былі нейкія інцыдэнты падчас фізічнага пуску, падчас выпрабаванняў», – дзеліцца сябра рады грамадскага аб’яднання «Экадом» Ірына Сухій.

Дэпартамент ядравай і радыяцыйнай бяспекі зняпраўдзіў інфармацыю аб надзвычайнай ці пазаштатнай сітуацыі на атамнай станцыі падчас увядзення ў эксплуатацыю першага энергаблоку. Аднак у канцы лістапада актывісты атрымалі новае пацверджанне аб здарэнні ад крыніцы, да якой яны маюць давер.

«Я лепей зачытаю, каб не схлусіць: «З-за не адкрытага клапана пры адпампоўванні вадкасці пры канцы выпрабаванняў быў пашкоджаны танкер сістэмы аварыйнага ахалоджвання першага рэактару. Хутчэй за ўсё, адбылася імплозія бака, яго трэба замяніць. Але пакуль замена раўназначная прызнанню аварыі, яго замест гэтага намагаюцца адрамантаваць. Такім чынам мы маем гарачы рэактар з пазаштатным функцыянаваннем, у найлепшым выпадку, сістэмы аварыйнага ахалоджвання», – цытуе паведамленне Ірына.

Што такое імплозія бака, найлепей ілюструе гэтае відэа. Эколагі ўстрывожаныя магчымым пашкоджаннем аварыйнай сістэмы ахалоджвання рэактару. Бо рэактар ужо працуе, а магутнасць павялічваецца. Занепакоенасць беларускіх антыядравых актывістаў раздзяляюць іхныя ўкраінскія калегі.

«Адназначна рэактар перад пускам мусіць мець спраўныя сістэмы аварыйнага ахалоджвання. Гэта патрабаванне міжнароднае, гэта патрабаванне Украіны. Яны абавязкова павінны быць працаздольнымі, бо на ўвесь перыяд работы рэактара яны мусяць «дзяжурыць» у стане гатовасці», – тлумачыць Вольга Кашарная, незалежная экспертка і сябра Украінскага ядравага таварыства.

Адмыслоўцы не выключаюць, што на Беларускай атамнай станцыі могуць быць праблемы. Гэтае меркаванне грунтуецца на папярэдніх надзвычайных сітуацыях, да таго ж няма даверу да арганізацыі, якая эксплуатуе АЭС, і органу кантролю.

«Яны [удзельнікі камісіі МАГАТЭ ад Украіны, – тлумачэнне аўтара] былі здзіўленыя закрытасцю: ім не давалі дакументаў, якія датычылі эксплуатацыі АЭС. Яны ўпэўніліся, што дзяржаўны орган-рэгулятар Беларусі не мае доступу да ўсіх месцаў, дзе патрэбна было б. І гэта звязана з тым, што будаўніцтва АЭС і ўсё астатняе ажыццяўляла Расейская Федэрацыя», – распавядае Вольга Кашарная.

Кіраўнік Дзяржатамрэгулявання Украіны ды Дзяржаўная інспекцыя бяспекі атамнай энергетыкі Літвы звярнуліся да Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Беларусі з просьбаю падаць інфармацыю аб магчымых няспраўнасцях аварыйнай сістэмы ахалоджвання рэактару. Адказу пакуль няма.

Не ўдалося ўзяць каментар і нам. За цэлы дзень слухаўкі ў інфацэнтры БелАЭС ніхто не зняў.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»