Інцыдэнт ва Уманскай затоцы: ці кошт нафты павялічыцца?


Расце напружанне ў раёне Уманскай затокі, дзе напярэдадні быў здзейснены напад на два нафтавых танкеры. Ці павялічаць выбухі на караблях кошты нафты?

Злучаныя Штаты накіравалі ракетны эсмінец у раён Уманскай затокі. Там напярэдадні адбыўся напад на два нафтавых танкеры – нарвежскі «Front Altair» і японскі «Kokuka Courageous».

Ютака Катада, прэзідэнт кампаніі «KOKUKA SANGYO»:

«Экіпаж паведаміў, што на караблі штосьці праляцела і выбухнула. А пасля яны знайшлі адтуліну на караблі».

Прычыну выбухаў на танкерах пакуль не вызначылі, абодва караблі на плаве, экіпажы эвакуяваныя. ЗША вінавацяць у атацы Іран.

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэёў:

«Гэтая ацэнка грунтуецца на інфармацыі выведкі, на аналізе выкарыстанай зброі ды ўзроўню кваліфікацыі, патрэбнага для выканання аперацыі, на нядаўніх падобных іранскіх нападах на караблі і на тым факце, што няма ў гэтым рэгіёне груповак, якія валодалі б такімі рэсурсамі ды маглі праводзіць настолькі складаныя аперацыі».

Амерыканскія вайскоўцы апублікавалі відэа, паводле якога сцвярджаюць, што іранскія вайскоўцы здымаюць з пацярпелага танкера неразарваную міну, каб прыхаваць сваю датычнасць да інцыдэнту. Іранскі бок абвінавачанні зняпраўджвае. Мясцовы міністр замежных справаў Мухамэд Джавад Зарыф в сваім Twitter-канале адзначыў, што напады на танкеры адбыліся ў дзень сустрэчы прэм’ер-міністра Японіі Сіндзо Абэ з іранскім лідарам.

Сакратар кабінету міністраў Японіі Ёсіхідэ Суга:

«Мэтай візіту было знізіць напружанасць у рэгіёне Блізкага Усходу. Як заявіў прэзідэнт Рухані, мы не гатовыя браць удзел у вайне, і вярхоўны лідар Ірану аятала Алі Гусэйні Хамэнэі заявіў пра сваю волю да міру».

Японія была адным з асноўных пакупнікоў іранскай нафты да мінулага месяца, калі Вашынгтон паабяцаў санкцыі тым, хто набывае нафту ў Ірану. Паводле агенцтва «Bloomberg», пасля нападу на танкеры кошт нафты ўжо вырас на 4 адсоткі. Але эканаміст Генадзь Рабцаў лічыць, што на кошты нафтапрадуктаў інцыдэнт не паўплывае.

Генадзь Рабцаў, Эканамічны дыскусійны клуб:

«Рэальны сектар перапрацоўкі далёкі ад тых падзеяў, якія адбываюцца на біржах. Таму, на мой погляд, доўгатэрміновых наступстваў гэтая гісторыя мець не будзе. А вось што датычыцца геапалітычнага складніку, то тут нам трэба чакаць новага абвастрэння супрацьстаяння паміж ЗША і Іранам».

Рада бяспекі ААН абмеркавала інцыдэнт ва Уманскай затоцы падчас экстраннага закрытага паседжання.

Старшыня Рады бяспекі ААН Мансур Аль-Утайбі:

«Усе чальцы Рады асудзілі тое, што адбылося, гэта парушэнне міжнароднага права, і мы хочам бесстаронняга і аб’ектыўнага расследавання. Але ніякіх прапановаў і ніякіх рашэнняў наконт правядзення такога расследавання Рада бяспекі не прымала».

Да максімальнай стрыманасці ды пазбягання правакацыяў заклікала і Еўропа. Наступствы нападу міністры замежных справаў краінаў Еўразвязу абмяркуюць 17 чэрвеня падчас планавай сустрэчы ў Люксембурзе.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu