Інтэрв'ю Лукашэнкі: пацеха самалюбства, ці даніна традыцыі?


Больш за пяць гадзінаў і пытанні ад заробкаў у Беларусі да магчымасці запуску ўласнага касмічнага карабля. Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні сотні расейскіх журналістаў. На пачатку прэс-канферэнцыі ён патлумачыў, чаму афіцыйны Менск усцяж арганізоўвае прэс-туры для расейскіх медыяў.

«Нам не ўсё роўна, якою паўстае нашая дзяржава ў вачах жыхароў Паволжа, Далёкага Усходу, усіх рэгіёнаў вашай краіны», – запэўніваў журналістаў кіраўнік.

На прэс-канферэнцыі Лукашэнка быў вымушаны апраўдвацца перад расейскімі журналістамі за тое, чаму ў нашай краіне такія нізкія заробкі. Кіраўнік краіны пачаў параўноўваць кошты на камунальныя паслугі ў Маскве і Менску і дадаў, трэба «памерці», але вярнуць беларусам заробкі да ўзроўню сакральных 500 долараў. Паводле назіральнікаў, вяртанне формулы пра заробкі 500 долараў у публічную прастору можа сведчыць пра тое, што ўлады рыхтуюцца да новай палітычнай кампаніі.

Што падкладуць у Канстытуцыю пад  $ 500?

«Паколькі гаварылася, што ў Канстытуцыю будуць уносіцца змены, Лукашэнка сам паведаміў пра гэта, і гэта, вядома, можа сведчыць пра пачатак новай палітычнай кампаніі. 500 долараў, гэта каб задобрыць людзей, а што падкладуць у Канстытуцыю пад гэтыя 500 долараў, гэта не гучыць. І раней не гучала, і сёння на прэс-канферэнцыі не прагучала», – падкрэсліла журналістка Святлана Калінкіна.

Чарнамазы сын Лукашэнкі

Апроч таго, Лукашэнка, назваў сябе галоўным омбудсманам. Распавеў, што ў Віктара Лукашэнкі спраўджвалі дакументы каля дому ўраду, бо, цытата: «старэйшы сын такі, чарнамазы». І пасля зноўку збіваўся на эканоміку і беларуска-расейскія дачыненні.

Сярод варыянтаў выхаду з крызісу беларускай эканомікі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў зрабіць стаўку ў тым ліку і на новыя тэхналогіі, «айфоны-плафоны» усялякія. Што праўда, у межах прэс-туру расейскіх журналістаў замест парку высокіх тэхналогіяў, павезлі на Магілёўшчыну і паказвалі звычайныя яблыкі.

Гэта быў ужо трынаццаты прэс-тур для расейскіх журналістаў, у рэгіёнах ім паказалі «Бабушкіну крынку» і шклоўскую гаспадарку «Александрыйскае». А ў Менску Лукашэнка паскардзіўся журналістам, што Расея не пускае Беларусь у сваю інфармацыйную прастору. Зрэшты, нават мінакі такія прэс-канферэнцыі кіраўніка краіны называюць традыцыяй з 90-ых.

«Найперш такім чынам ён цешыць сваю пыху і мабыць не даюць спакою мары, былыя, ужо неспраўджальныя мары, пра трон у Маскве»,

«Я думаю што яму ці яго адміністрацыі падалося, што зараз добры момант даць паясненні па нейкіх пытаннях»,

«Для іміджу краіны гэта, бо ў нас усё добра і ёсць што паказаць!»,

– выказваліся жыхары беларускай сталіцы

Сярод іншых гучных заяваў, Лукашэнка заявіў, што гатовы правесці выбары ва Украіне і, больш за тое, гатовы накіраваць беларускіх міратворцаў на Данбас.

Аркадзь Несцярэнка, Белсат