Аб'ектыў 18.07.2019 Інтэграцыю адклалі, роўмінг абяцаюць скасаваць. Вынікі перамоваў Лукашэнкі і Пуціна


Скасаваць роўмінг ды падпісаць новую стратэгію інтэграцыі да канца году – паабяцалі прадстаўнікі Беларусі і Расеі на VI Форуме рэгіёнаў дзвюх краінаў у Санкт-Пецярбурзе. Пра што яшчэ дамаўляюцца Масква і Менск?

Рашэнне скасаваць роўмінг Беларусь і Расея могуць прыняць да 15 верасня – анансавалі спікер Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч і ягоная расейская калега Валянціна Мацвіенка на Форуме рэгіёнаў дзвюх краінаў. Валянціна Мацвіенка, спікер Савету Федэрацыі Расеі:

«Роўмінг накладаў дадатковую фінансавую нагрузку на нашых грамадзянаў, гэткім чынам абмяжоўваў камунікацыю нашых людзей. А мы зацікаўленыя ў тым, каб нашыя людзі як мага больш камунікавалі».

Развіццю кантактаў паміж грамадствамі была прысвечаная большасць секцыяў Форуму рэгіёнаў. Прадстаўнікі Расеі і Беларусі абмеркавалі, як развіваць турызм ды пашыраць студэнцкія абмены, падрыхтавалі шэраг кантрактаў. Міхаіл Мясніковіч, старшыня Савету Рэспублікі:

«Будзе заключана камерцыйных кантрактаў (не пратаколаў аб намерах, а менавіта кантрактаў) на суму не менш як 550 мільёнаў долараў».

Абмяркоўвалі таксама, як фармаваць агульную інфармацыйную прастору Беларусі і Расеі. Валер Карбалевіч, палітолаг:

«Як засцерагчыся ад інфармацыйных атакаў ды інфармацыйнага ціску з боку Расеі? Мне падаецца, што для Беларусі гэта больш актуальная праблема».

Больш актуальнай праблемай Менск лічыць перашкоды ў гандлі. Нягледзячы на ​​дарожныя карты па іх зняцці, харчы некаторых беларускіх вытворцаў Расея надалей не пускае на свой рынак. На гэта паскардзіўся на пленарным паседжанні Форуму рэгіёнаў старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.

Аляксандр Папкоў, камісія ў рэгіянальнай палітыцы, Савет Рэспублікі:

«За апошнія гады ў Расейскай Федэрацыі выкарыстаны адзін мільён тонаў пальмавага алею. Гэта факт. Параўнайце наш натуральны прадукт і той, які ўтрымлівае гэтыя элементы, – гэта самое за сябе кажа».

Узаемныя прэтэнзіі Лукашэнка з Пуціным абмяркоўваюць ужо другі дзень – учора ў цішы Валаамскага манастыра, а сёння – у Таўрыйскім палацы Пецярбургу. Да снежня вырашыць, у якім кірунку інтэгравацца, – прапанаваў кіраўніку Расеі Аляксандр Лукашэнка:

«Прыйшлі да такога моманту, што час не проста казаць, а прымаць рашэнні. Ад нас гэтага чакаюць не толькі журналісты і адмыслоўцы, але і звычайныя людзі».

У снежні Саюзнай дамове спаўняецца 20 гадоў. З ініцыятывы Крамля Беларусь і Расея ўжо паўгода праводзяць яе рэвізію.

«Мы з Аляксандрам Рыгоравічам вырашылі прааналізаваць усё, што зробленае ў межах Саюзнае дамовы, што не зроблена, з якіх прычынаў, і выпрацаваць прымальныя для нашых краінаў шляхі развіцця інтэграцыі», – пракаментаваў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

Скампенсаваць Беларусі падатковы манеўр, даць зніжку на газ і дапусціць беларускія прадукты ў Расею – без выканання гэтых умоваў аб’ядноўваць палітычныя і эканамічныя сістэмы Менск не хоча. А вось чаго ад Беларусі патрабуюць кіраўнікі Расеі – яны афіцыйна не паведамляюць.

«Яны імкнуцца зрэалізаваць дамову аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, падпісаную ў 1999 годзе. Гэтая дамова прадугледжвае стварэнне адзіных наднацыянальных органаў улады», – тлумачыць Валер Карбалевіч, палітолаг.

Калі паразуменне не будзе дасягнутае, Расея спыніць эканамічныя датацыі Беларусі, а паміж Менскам і Масквой успыхнуць нафтавыя ды газавыя войны – прадказвае Валер Карбалевіч. Як зазначае палітолаг, адносіны дзвюх краінаў развіваюцца не так пазітыўна, як гэта вынікае з заяваў удзельнікаў Форуму рэгіёнаў.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары