Інсульт – адна з галоўных прычынаў інваліднасці. Як выявіць і перадухіліць хваробу


Інсульт – адна з найбольш частых прычынаў інваліднасці і павышанай смяротнасці. У Беларусі фіксуюцца больш за 30 тысяч выпадкаў інсультаў за год. Хваробу абвесцілі глабальнай эпідэміяй, таму ва ўсім свеце 29 кастрычніка адзначаюць Дзень барацьбы з інсультам.

Наталля Васіленка 10 гадоў працавала маляром-тынкоўшчыкам у Гомлі. Тры гады таму наўпрост на працы жанчыне стала кепска. Што гэта інсульт, высветлілі толькі ў трэцяй па ліку лякарні, куды Наталля звярнулася па дапамогу.

«Мне зрабілі КТ і сказалі, што ў мяне інсульт. Калі б мне аказалі дапамогу своечасова, у першыя там 3-4 гадзіны, у мяне не было б такіх цяжкіх наступстваў», – кажа Наталля Васіленка.

Інсульт – гэта парушэнне мазгавога кровазвароту, якое вядзе да пашкоджання і разладу функцыяў мозгу. Калі не аказаць дапамогі хутка, хвораму пагражае смерць або інваліднасць.

«Рэабілітацыі ніякай у мяне не было. Я ляжала шмат месяцаў, проста ляжала і не магла хадзіць. Мне далі трэцюю працоўную групу, МРЭК вызначыў», – кажа Наталля Васіленка.

Напярэдадні ў Магілёве пенсіянер 2 гадзіны праляжаў на вуліцы з інсультам і без дапамогі. Каб перадухіліць такія сітуацыі, трэба вывучыць асноўныя прыкметы інсульту і не быць абыякавымі. Жыхары Магілёва сярод асноўных прыкметаў называюць:

«Павышаны ціск».

«Што запавольваецца маўленне толькі, вось гэта памятаю, і такая рэакцыя трохі, як затарможаны чалавек».

«Маўленне працяжнае, галаўныя болі, ціск павышаны».

Усё так. Сярод асноўных прыкметаў інсульту: рэзкі галаўны боль, асіметрыя твару, кволасць у канцавінах, пагаршэнне каардынацыі, маўлення і зроку, ваніты без палёгкі, кароткатэрміновая страта памяці. Калі вы заўважылі гэтыя прыкметы, не чакайце! Выклікайце хуткую, а пацыента пакладзіце ў гарызантальны стан з прыпаднятаю галавой.

Лекар Уладзімір Пруднікаў тлумачыць:

«Калі ёсць ванітаванне, то трэба такому пацыенту надаць палажэнне на баку і кантраляваць ягоны стан, сачыць за прытомнасцю, сачыць за дыханнем».

Інсульту папярэднічаюць ішэмічная хвароба сэрца, узмоцнены артэрыяльны ціск, цукровы дыябет, а таксама стрэс і няправільны лад жыцця. Хоць асноўная група рызыкі – мужчыны пасля 50 гадоў, у маладым узросце інсульт таксама фіксуецца.

«Выпадкі інсульту нават сярод падлеткавага ўзросту зафіксаваныя, і гэта звязанае хутчэй за ўсё з няправільным харчаваннем. Людзі аддаюць перавагу фаст-фуду і захапляюцца рознымі стравамі, якія ўтрымліваюць шмат соляў», – кажа лекар Уладзімір Пруднікаў.

Пасля інсульту некаторыя функцыі арганізму могуць быць страчаныя. Хворая на інсульт Наталля Васіленка кажа:

«Я магу перамяшчацца на вуліцы на вялікія адлегласці толькі з мыліцай. У мяне інсульт мозачка, ён адказвае за каардынацыю, за ўсе рухі. Пажыццёва трэба прымаць лекі, лекі не з танных».

Паводле статыстыкі, для блізу траціны захварэлых інсульт азначае смяротны вырак. Удвая болей – становяцца інвалідамі. І толькі 10 адсоткаў хворых вяртаюцца да звычайнага жыцця.

Вольга Васільева belsat.eu