Аб'ектыў 16.11.2018 Іншаземцы ратуюць жыцці беларускіх дзяцей


У дзяржаўных медыях не прынята казаць аб наступствах чарнобыльскай катастрофы для здароўя беларусаў. Як і распавядаць аб праграмах дапамогі ды аперацыях, зробленых нашым дзецям за мяжой. Між тым, некаторыя такія праграмы дзеюць ужо чвэрць стагоддзя. Пра тое, як іншаземцы ратуюць жыцці беларусаў.

Беларускаму дзіцячаму фонду «Сакавік» і ірландскаму Барэнскаму чарнобыльскаму праекту споўнілася па 25 гадоў. Сотні дзяцей атрымалі дапамогу праз гэтыя арганізацыі. Стваральнікі фондаў правялі супольную сустрэчу, каб абмеркаваць вынікі сваёй дзейнасці.

Дзіцячы фонд «Сакавік» утварыўся на ініцыятыву Марсіі і Майкла Дойлаў, жыхароў мястэчка Калгікот блізу Ньюпарту. Яны адгукнуліся на публікацыі беларускага святара айца Аляксандра Надсана ў брытанскіх газетах пра наступствы Чарнобыльскай катастрофы ў Беларусі. Надсан знайшоў ім партнёраў у Беларусі.

«Павялічваўся рух, большая рабілася дапамога. І цяпер, амаль праз 30 гадоў, мы разумеем, што, відаць, надышоў час спыніцца. Цяпер, калі мы глядзім на ўсіх гэтых дзяцей, то разумеем, што ўсё добра ў нас атрымалася», – распавядае Майкл Дойл, партнёр фонду «Сакавік».

Марсія і Майкл Дойлы ўратавалі шмат беларускіх дзяцей. Сёлета Марсія захварэла на рак. Ёй зрабілі аперацыю, хіміятэрапію і, нягледзячы на гэта, яна прыехала з мужам у Беларусь, дзе ў іх так шмат сяброў.

«Я быў у 1998 годзе ў Марсіі, калі мне было 7 гадоў. Самыя добрыя ўспаміны. Потым, калі аднойчы Марсія прыехала наведаць дзяцей, яна спытала ў мамы: «А дзе Ігнат?» Мама сказала, што я ў больніцы. Яна зацікавілася маёй праблемаю. Мне патрэбная была імплантацыя кардыёстымулятара. Праз некалькі месяцаў, дзякуючы Марсіі і Майклу, мне была зробленая аперацыя ў Лондане», – успамінае Ігнат Тумас, які меў аперацыю на сэрцы ў Вялікай Брытаніі.

Але дабрачыннай арганізацыі не ўдалося пазбегнуць бюракратычных перашкодаў. Марсія і Майкл Дойлы штогод вязуць у Беларусь гуманітарны груз. Фонд «Сакавік» яго мусіць прымаць.

«Даводзілася па 6-7-8 гадзінаў быць на мяжы. Гэта цяжка, але яны ўсё роўна рабілі гэта. Апошні раз іх не пусцілі ў Беларусь. Давялося ў Польшчы разгружацца. Знайшлі сяброў у Польшчы, якія свой прыватны гараж нам саступілі. Гэта сумна, але што рабіць? Трэба неяк змагацца з нашымі бюракратамі. Гэта сапраўды цяжкая праца», – расказвае Марыя Міцкевіч, кіраўніца фонду «Сакавік».

Раней з Менску да ірландскага Шэнану быў наўпроставы рэйс. Цяпер жа перасадку ў аэрапортах Франкфурту ці ҐЭтўіку трэба чакаць па 8-10 гадзінаў. І гэта з дзецьмі-інвалідамі. Плюс дарога тысяча еўраў на аднаго. Плюс віза ў Маскве. У такой сітуацыі стваральнік ірландскага Барэнскага чарнобыльскага праекту Лім О’Мара набыў у Менску дом.

«Раней мы трацілі больш за дзве тысячы еўраў штомесяц толькі на адзін Чэрвеньскі дзіцячы інтэрнат. Мы не ў стане збіраць столькі грошай на пампэрсы. Паспрабуем новую сістэму цяпер шматразовую. Патрэбныя вазкі, мыліцы. Мы ў Гарадзішчы прывезлі дзяўчатам вертыкулятары, з дапамогай якіх яны змаглі стаяць. Трэба было бачыць, як яны былі ўзрадаваныя, бо стаялі самі першы раз у жыцці. Гэта такія эмоцыі», – кажа Лім ОʼМара, стваральнік дабрачыннай арганізацыі.

Тыя дзіцячыя фонды, якія ёсць у Беларусі, збольшага ратуюць толькі тых, у каго ўжо стаіць пытанне жыцця і смерці. Стваральнікі фондаў упэўненыя: калі б ім спрасцілі працу ў Беларусі, то, магчыма, сёння давялося б менш дзіцячых імёнаў узгадваць падчас хвіліны маўчання.

Любоў Лунёва, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары