Інфекцыяніст: у Беларусі будзе рост захворванняў і цяжкіх выпадкаў


У Беларусі за мінулыя содні зафіксавалі самую вялікую за ўвесь час колькасць хворых на «Ковід-19». Агулам інфікаваных каронавірусам больш як у суседняй Украіне ды краінах Балтыі. Але Міністэрства адукацыі аднаўляе заняткі ў школах з панядзелка, бо так загадаў Аляксандр Лукашэнка.

Важней адрамантаваць масты, чым змагацца з каронавірусам – заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка, наведваючы Гарадзеншчыну. У кіраўніка дзяржавы запаліўся промень надзеі, бо, цытата «больш вызвалілася коек, чым шпіталізавалі людзей. Галоўнае – не дапусцілі ўсплёску» – канец цытаты. Таму трэба вярнуць дзяцей з канікул у школьныя класы. Вось што пра гэта думаюць жыхары і госці Віцебску:

«Трэба вучыцца, каб мазгі працавалі. А то што яны сядзяць».

«Яшчэ няма ў нас спаду эпідэміі. Таму дзеці мусяць знаходзіцца ўдома».

«Дзеці зʼяўляюцца пераносчыкамі захворвання. Потым ездзяць па бабулях, дзядулях. Не асабліва правільна».

«Людзі хварэюць. Я б сваіх баялася пускаць».

На сёння паводле афіцыйных звестак у Беларусі лабараторна пацверджана 4 779 выпадкаў інфікавання кітайскім каронавірусам. За ўчора – найбольш новых выпадкаў – плюс 575 захварэлых. Усяго ад Ковіда памерлі 42 асобы. Хаця кіраўнік дзяржавы мяркуе, што гэтыя людзі проста апусцілі рукі.

«Не памёр ні адзін чалавек ад каронавіруса. Ніводзін! … Яны памерлі ад букета хранічных хваробаў, якія ў іх былі», – заяўляў Аляксандр Лукашэнка 13 красавіка.

Да піку далёка, у Беларусі будзе і рост захворванняў, і яшчэ больш цяжкіх выпадкаў, мяркуе галоўны інфекцыяніст Кіева Віталій Еўтушэнка. І тлумачыць, навошта большасць свету ўводзіць каранцінныя захады:

«Яны дапамагаюць у перыяд, калі ідзе рост масавай захворвальнасці, зрабіць гэты рост запаволеным, каб медыцына паспявала даваць рады, каб было менш медычных памылак, каб было менш ускладненняў ці смерцяў, якіх можна было б пазбегнуць».

На каронавірус захварэлі яшчэ 2 вайскоўцы – з 83- інжынерна-аэрадромнага палку ў Бабруйску. Парад Перамогі 9 траўня адмяняць не плануюць, ён пройдзе паводле плану і з гледачамі.

«Збор людзей, дзе ёсць верагоднасць блізкага кантакту, натуральна, суправаджаецца рызыкай павышанай перадачы. Вірус дастаткова кантагіёзны, на сёння лічыцца, што 1 хворы заражае як мінімум 2,5 новых. Таму вялізныя масы людзей могуць быць заражаных», – прагназуе Віталій Еўтушэнка.

Міністэрства аховы здароўя просіць грамадзянаў на праваслаўны Вялікдзень ды Радаўніцу змяніць звычкі і святкаваць удома, ды не наведваць пажылых сваякоў.

Але міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік адмовіўся казаць пра рэкамендацыі міністэрства на тэму школьных заняткаў і парада. Гэтаксама міністр ухіліўся ад пытання, колькі дакладна медыкаў у Беларусі захварэла Ковідам і колькі з іх памерлі. Затое патлумачыў, чаму падпісаў загад выпісваць дадому хворых з няцяжкай пнеўманіяй, не звязанай з каронавірусам.

«Гэта не таму, што мы эканомім коечны фонд, а каб пазбегнуць рызыкі перакроснага інфікавання», – патлумачыў Уладзімір Каранік.

Таксама загадам Караніка лячыць каронавірус удома адпраўляюць інфікаваных без пнеўманіі. А на самаізаляцыю са шпіталяў выпісалі ўсе кантакты першага ўзроўню, на сёння гэта 30,5 тыс. чалавек. Аддзел эпідэміялогіі ладзіць праверкі кантактаў 1 і 2 узроўню якія мусяць не выходзіць з дому. Дваім парушальнікам выпісалі штраф – 54 рублі.

«Парушальнікаў было дастаткова шмат. 701 парушальнікаў выявілі. Людзей не знайшлі ўдома на працягу 2-3 гадзінаў», – распавяла Іна Карабан, намесніца кіраўніка аддзелу эпідэміялогіі Мінздароўя.

Сродкаў індывідуальнай абароны для лекараў мусіць хапіць, заявілі ў міністэрстве. Сёння з Кітаю ў Беларусь прыляцела 30 тон медычнага грузу – экспрэс-тэсты, лекі, рэспіратары і спецкасцюмы. Частка – гуманітарная дапамога, частка – купленая за грошы, сабраныя з беларускага бізнесу.

А ў самым Кітаі ўлады правінцыі Хубэй удакладнілі колькасць памерлых ад каронавіруса – іх аказалася ў паўтара разы больш. Раней аказалася, што кітайскія ўлады не запісвалі ў інфікаваных тых, у каго каронавірус праходзіў без сімптомаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Фота: Vyacheslav Prokofyev / TASS / Forum