Інфармацыю пра жаданне ўцячы з Венесуэлы Мадура назваў жартам


Аўтамабіль венесуэльскай нацыянальнай гвардыі наязджае на ўдзельніка апазіцыйнай дэманстрацыі ў Каракасе 30 красавіка 2019 года. Фота – Ueslei Marcelino / REUTERS / Forum

Нікаляс Мадура мог уцячы на Кубу, але ў апошні момант яго спынілі расейцы. Гэткія заявы зрабіў дзяржсакратар Злучаных Штатаў Майк Пампэёў. Тым часам у Венесуэле працягваецца двоеўладдзе, а пратэст набірае ўсё больш драматызму. ЗША заяўляюць, што, калі гэта спатрэбіцца, гатовыя выкарыстаць войска дзеля развязання сітуацыі ў Венесуэле.

Пратэсты ў Венесуэле давяць у наўпроставым сэнсе гэтага слова. Пратэстоўцы кідаюць камяні і кактэйлі Молатава – бронетранспарцёры едуць на натоўп. З вуліцаў Каракасу прыходзяць драматычныя кадры. Лік пацярпелых ідзе на дзясяткі.

«Дзяржаўны пераварот супраць канстытуцыйнага ўраду, які я ўзначальваю, супраць легальных інстытуцыяў у Венесуэле, супраць Канстытуцыі і супраць міру ў краіне. І гэта не можа застацца непакараным!», – заявіў Нікаляс Мадура.

Да масавых пратэстаў напярэдадні заклікаў прызначаны парламентам выканальнік абавязкаў прэзідэнта Хуан Гуаідо:

«Сёння ў Мадура няма апоры ва ўзброеныя сілы. Сёння гістарычны дзень для краіны, пачатак канчатковае фазы аперацыі «Свабода» – дзеля заканчэння ўзурпацыі».

Прыхільнікі Хуана Гуаідо масава выходзяць на вуліцы.

Рэпартаж Вітаўта Сіўчыка глядзіце ў поўным выданні навінаў за 1 траўня

Прайшоў у Каракасе і мітынг у падтрыманне Нікаляса Мадура.

«Мы заўсёды будзем падтрымліваць прэзідэнта Мадура, усю нашую гісторыю свабоды і суверэннасці», – сведчыць удзельніца праўладнага мітынгу.

У Злучаных Штатах – а яны разам з больш як пяццюдзесяццю краінамі прызнаюць у якасці часовага кіраўніка Венесуэлы Хуана Гуаідо – заявілі, што перамога над Нікалясам Мадура амаль адбылася.

«Нікаляс Мадура быў ужо гатовы літаральна вылецець з краіны на сваім самалёце, пакуль яго не спынілі расейцы», – сцвердзіў дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампэёў.

Нікаляс Мадура гэтую заяву ўспрыняў як жарт. МЗС Расеі заяву Пампэёў назвала «фэйкам» дзеля дэмаралізацыі венесуэльскага войска.

<br />Людзі едуць на матацыклах каля згарэлага аўтобуса падчас антыўрадавых пратэстаў у Каракасе 30 красавіка 2019 года. Фота – Carlos Eduardo Ramirez

Масавыя пратэсты ў Венесуэле з рознаю перыядычнасцю ды інтэнсіўнасцю працягваюцца ўжо больш за пяць гадоў. У краіне, якая займае першае месца ў запасах нафты, у красавіку налічылі інфляцыю на больш як 1 500 000 % у гадавым вымярэнні. У Венесуэле перыядычна адключаюць электрычнасць, бракуе лекаў і харчоў.

Вітаўт Сіўчык/«Белсат», фота анонсу – Carlos Garcia Rawlins/Reuters/Forum