Інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі прызналі толькі Кітай і Туркменістан


З высокіх гасцей – перадусім службоўцы, дэпутаты, мясцовыя чыноўнікі ды сілавікі. Не анансаваная грамадству і нават не трансляваная праз дзяржаўнае тэлебачанне інаўгурацыя, што супярэчыць Канстытуцыі, выклікала здзіўленне і абурэнне беларусаў і замежжа. Лукашэнка адказвае:

«Я не надаю інаўгурацыі цяперашняга прэзідэнта (гэта не першая мая інаўгурацыя) нейкага такога вялікага, фантомнага значэння. Звычайная працоўная сітуацыя. Але чаму яны гэта робяць? Гэта робяць, каб падагрэць пратэставыя гэтак званыя настроі», – заявіў выконваючы абавязкі кіраўніка Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Ужо шостая прысяга Аляксандра Лукашэнкі адбылася на тле працяглых грамадскіх пратэстаў. Сёмы тыдзень не згодныя з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў беларусы патрабуюць адстаўкі афіцыйна абвешчанага кіраўніка. У сваю чаргу ЗША і Канада заявілі пра непрызнанне інаўгурацыі. Легітымнасці не пабачылі краіны Балтыі, Нямеччына, Чэхія, Польшча, Славаччына, Данія, Нідэрланды і Вялікая Брытанія.

«З увагі на махлярскую інаўгурацыю Лукашэнкі, я даручыў замежнаму ведамству падрыхтаваць санкцыі Магніцкага», – заявіў Міністр замежных справаў Вялікай Брытаніі Дамінік Рааб.

Дэкларацыю з нагоды апублікаваў і Высокі прадстаўнік аб’яднанай Еўропы, адзначыўшы, што пераглядае дачыненні з Беларуссю:

«Гэтая «інаўгурацыя» наўпрост супярэчыць волі шырокіх слаёў насельніцтва Беларусі, выяўленай у шматлікіх, беспрэцэдэнтных і мірных пратэстах пасля выбараў, ды служыць толькі далейшаму паглыбленню палітычнага крызісу ў Беларусі».

Не прызнала мандату таксама суседняя Украіна. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі нават скасаваў планаваны візіт у Беларусь для ўдзелу ў Форуме рэгіёнаў.

«Калі ўлада не спыніць тыя дзеянні, а перадусім – дзеянні праваахоўнікаў, накіраваныя супраць уласнага народа, тады яны атрымаюць вельмі моцны адказ ад людзей. Калі ўлада не можа пайсці на дыялог са сваімі роднымі людзьмі, то гэтай улады проста не будзе», – заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Дагэтуль не павіншаваў Лукашэнку і ягоны найбліжэйшы паплечнік Уладзімір Пуцін. Запрашэння не атрымалі нават дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў Беларусі.

«Тое, што ён абвешчаны нелегітымным, вядома, у тым ліку, значыць, што пад сумнеў трапляюць любыя вонкавапалітычныя дзеянні ды пагадненні, якія падпісвае Лукашэнка. То бок любыя перамовы з Расеяй сёння могуць быць потым пад пытаннем праз нелегітымнасць», – мяркуе палітолаг і дырэктар Цэнтру Еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Павіталі ж кіраўніка Беларусі з уступленнем на пасаду пакуль толькі дзве краіны – Туркменістан і Кітай. Амбасадара Паднябеснай, які завяршае сваю місію ў нашай краіне, Аляксандр Лукашэнка запрасіў на прыём ды ўганараваў Ордэнам Пашаны.

«Урады Туркменістану і Кітаю маюць тую самую легітымнасць, як і Лукашэнка. То бок ніякай там няма дэмакратыі, легітымнасць дасягаецца коштам таго, што сістэмы аўтарытарныя і працуюць амаль што гэтак, як у Беларусі», – распавёў палітолаг і дырэктар Цэнтру Еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Разам з тым, як адзначае Андрэй Ягораў, Кітай – адзін з галоўных сусветных гульцоў. І следам за ім інаўгурацыю, што выклікае пытанні як да самое працэдуры, гэтак і да легітымнасці лідара, можа падтрымаць Расея ды некаторыя іншыя краіны.

Юлія Лабанава, «Белсат»