Іх называюць анёламі-ахоўнікамі Украіны. Пяць гадоў таму расстралялі Еўрамайдан


Пяць гадоў таму, 20-га лютага 2014 года, у Кіеве байцы падраздзялення «Беркут» расстралялі актывістаў Еўрамайдану. Пазней загінулых назвалі «Нябеснай сотняй». Цяпер іх лічаць анёламі, што ахоўваюць Украіну. Што адбывалася тады?

«Там былі адкрытыя вокны, стралялі адтуль, потым стралялі з Кабінету міністраў».

Для кагосьці героі, для кагосьці – сябры і блізкія людзі. Сёння мінае пяць гадоў з дня расстрэлу Еўрамайдану ў Кіеве. Тады цягам трох дзён – з 18-га да 20-га лютага – загінулі больш за 70 удзельнікаў пратэстаў на цэнтральнай плошчы сталіцы Украіны.

«Яны заступіліся за нас, вядома, яны героі».

«Не вагаючыся, ахвяравалі жыццём, абсалютна ўсведамляючы пагрозу, і паклалі гэтыя свае жыцці ў падмурак будучай моцнай незалежнай дзяржавы», – кажуць жыхары Кіева.

Калі ўкраінскі ўрад у лістападзе 2013-га прыпыніў падпісанне пагаднення пра асацыяцыю паміж Украінаю і Еўразвязам, у цэнтры Кіева распачалася масавая акцыя пратэсту. Цягам трох месяцаў людзі стаялі на плошчы. І менавіта 18–20 лютага супрацьстаянне паміж народам і ўладамі дасягнула піку, адбыліся масавыя сутычкі паміж пратэстоўцамі ды сілавікамі.

«Яны выйшлі бараніць будучыню сваёй краіны, Украіны, Украіну, незалежную Украіну, дэмакратычную, раўнапраўную з краінамі Еўропы і свету», – кажа публіцыст, палітычны кансультант Аляксандр Фядута.

Наступствам тых падзеяў сталі ўцёкі Віктара Януковіча з краіны, анексія Расеяй Крыму і канфлікт на паўднёвым усходзе Украіны, які не развязаўся дасюль.

Генеральная пракуратура Украіны абвесціла пра заканчэнне расследавання расстрэлаў на майдане. Але Аляксандр Фядута лічыць, што, каб сапраўды раскрыць праўду пра падзеі пяцігадовай даўніны, цяперашняй украінскай уладзе патрэбная вялікая мужнасць, бо стралялі тады з абодвух бакоў барыкадаў:

«Трэба разумець, што тыя твае паплечнікі, пра якіх ты ведаеш, што стралялі, і скажаш уголас – ім таксама адказваць паводле таго ж закону, што і «Беркуту». Я думаю, што сённяшняй уладзе вельмі цяжка сказаць гэтую частку праўды».

Самі ж украінцы не сумняюцца ў тым, хто стаіць за расстрэлам майдану:

«Па-першае, гэта было выгадна Крамлю».

«Кірунак стрэлаў паказвае, што яны былі з зоны, якая кантралявалася ўкраінскімі сілавікамі».

«Стралялі тут расейскія снайперы, ёсць відэа, ёсць фотаздымкі людзей у расейскім рыштунку».

106 асобаў, загінулых падчас Еўрамайдану, пасмяротна атрымалі званні герояў Украіны, а траіх загінулых замежнікаў, сярод якіх беларус Міхаіл Жызнеўскі, узнагародзілі Ордэнамі герояў Нябеснае сотні.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu