Ідзе збор сведчанняў пра злачынства сілавікоў


Створана пляцоўка 23-34.net, дзе будзе праходзіць збор інфармацыі аб абсалютна ўсіх парушэннях з боку міліцыі, звязаных з мірнымі акцыямі, пачынаючы са старту перадвыбарнай кампаніі.

Спявачку Кацю Волкаву затрымалі 12 верасня ў Менску падчас жаночага маршу. Далей збіццё, аўтазак і асуджэнне паводле артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях – 12 содняў арышту ў нечалавечых умовах.

«З самых непрыемных момантаў, якія паўплывалі на маю псіхіку, – гэта пастаянныя крыкі, мат і фармулёўка: «Тварам да сцяны!» – распавядае Каця Волкава.

Рэаніматолаг Уладзіслаў Загарэй паводле артыкулу 23.34 асуджаны двойчы. Супраць яго і яшчэ 18-ці чалавек праз «Скайп» сведчыў міліцыянт.

«Ён не мог бачыць кожнага з іх. Ён даваў шаблонныя паказанні. Гэта ёсць абсурдам само па сабе», – кажа Загарэй.

Пра лічбы 23.34 сёлета даведаліся тысячы беларусаў.

Жыхары і госці Менску кажуць:

«Спадзяюся, што гэта артыкул «Удзел у мерапрыемствах».

«Зараз усіх затрымліваюць, абвінавачваюць у мітынгах».

«Калі людзі нават не ўдзельнічаюць у масавых мерапрыемствах, іх затрымліваюць. Маіх знаёмых затрымалі, маіх сваякоў затрымалі. Адбывае пакаранне блізкі мне чалавек».

«Гэта наша канстытуцыйнае права. Я наагул не разумею, за што людзей садзіць, калі яны хочуць выказаць сваю думку».

Раней праваабаронцы штогод фіксавалі каля тысячы пакаранняў паводле артыкулу 23.34. Сёлета пабіты абсалютны рэкорд.

«Па нашых падліках, гэтая лічба перавысіла 15 тысяч арыштаваных, часткова асуджаных. 15 тысяч чалавек прайшлі праз затрыманні, катаванні, якія забяспечаныя нашымі ўстановамі ўтрымання», – адзначыў старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.

Праз два гады адміністратыўныя справы будуць знішчаныя. Разам знікнуць і прозвішчы ілжэсведкаў ды суддзяў. Каб захаваць звесткі, у Беларусі стварылі адмысловую інтэрнэт-пляцоўку, дзе кожны пацярпелы можа пакінуць сваю гісторыю.

«Для кожнага чалавека, які прайшоў праз гэты досвед, важна, каб пасля яго наступныя людзі… для іх гэта не паўтаралася», – кажа сябра Каардынацыйнай рады Максім Баграцоў.

За некалькі гадзінаў пасля запуску пляцоўка сабрала сотні гісторыяў. Людзі ўпэўненыя: прыйдзе час, і кожны злачынца ў пагонах ці мантыі панясе адказнасць, але ўжо паводле сапраўднага закону.

Ігар Станкевіч, «Белсат»