«Ідзе працэс фармавання беларускай ідэнтычнасці». Чаму беларусы адварочваюцца ад Расеі?


Беларусы змяняюць сваё стаўленне да саюзнай дзяржавы з Расеяй: прыхільнікаў – ужо менш за палову. Як сведчаць сацыялагічныя апытанні Беларускай аналітычнай майстэрні, траціна грамадзянаў ахвотна ўступіла б у Еўразвяз.

Прыхільнікаў саюзу з Расеяй – менш за палову. Пра гэта сведчаць сацыялагічныя апытанні, праведзеныя Беларускай аналітычнай майстэрняй. Тым часам, траціна апытаных ахвотна б уступіла ў Еўразвяз, а яшчэ траціна гэтак і не вызначылася з геапалітычным выбарам.

З кім інтэгравацца – у Еўразвяз ці ўсё ж хаўрус з Расеяй?

Жыхары і госці Віцебску кажуць:

«Нікому мы на самай справе не патрэбныя. Ні Еўропе мы не патрэбныя, ні Расеі».

«Беларусь і Расея – адны браты».

«Лепей з Еўропай. Усё горш і горш з Расеяй становіцца».

«Я думаю, усё нам выгодна. І саюз з Амерыкай, і з Расеяй, і з Польшчай».

У Расею хочацца ўсё менш. І гэта не проста словы людзей на беларускіх вуліцах, а высновы з цалкам навуковага даследавання, праведзенага не праз тэлефон, а ўжывую па месцы жыхарства.

«Насамрэч гэта мікрамадэль беларускага грамадства. Там прадстаўленыя ўсе слаі насельніцтва, усе рэгіёны, сельская і гарадская мясцовасць. Аб’ём выбаркі – 1061 рэспандэнт», – кажа кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Вардамацкі.

Беларуская аналітычная майстэрня сведчыць: летась колькасць беларусаў, ахвочых да саюзу з Расеяй, скарацілася з 60 да 40 %! То бок прыхільнікаў хаўрусу з Масквой стала менш за палову.

«Нашая грамадзянская думка – гэта рэха медыйных падзеяў. Гэта тое, што вымяраюць сацыёлагі. А што ў нас было з медыйнымі падзеямі на працягу ўсяго мінулага года, я думаю, гледачам гэта выдатна вядома», – каментуе палітолаг і сацыёлаг Сяргей Нікалюк.

Летась навіны былі насычаныя бясконцымі перамовамі з Расеяй наконт глыбокай інтэграцыі. І галоўны ньюзмэйкер краіны не шкадаваў вострых словаў.

«Трэба спыніць усе размовы, што хтосьці кагосьці нахіляе. Тут ніхто нікога не нахіліць, нават моцны слабага», – выказваўся Аляксандр Лукашэнка (10.01.2019)

«Тое дабро, якое мы робім для Расейскай Федэрацыі, яно абарочваецца для нас злом, там ужо знахабіліся да такой ступені, што яны пачынаюць нам выкручваць рукі», – казаў Лукашэнка (11.04.2019)

Найбольшы абвал прарасейскіх настрояў пачаўся ў верасні. І дасягнуў свайго апагею ў снежні, калі Лукашэнка і Пуцін меліся падпісваць дарожныя мапы, а ў Менску распачынаюцца патрыятычныя пратэсты.

«Каб гэта быў старэйшы брат, каб не гнабілі, не нахілялі нас, а ў складаны момант падтрымалі», – Аляксандр Лукашэнка (06.09.2019)

Пытанне: калі прарасейскія настроі змаглі так маланкава абрынуцца, ці не змогуць яны гэтаксама хутка аднавіцца пры іншых умовах?

«Як бы там ні было, масавая свядомасць цвярдзее. Ідзе працэс фармавання беларускай ідэнтычнасці, яна становіцца больш цвёрдай. Але пры масавым інфармацыйным уздзеянні такі працэс можа пайсці назад», – зазначае Андрэй Вардамацкі.

Апошні замер меў месца паміж 18 і 31 снежня. Адметная традыцыйная тэндэнцыя: чым маладзейшы рэспандэнт, тым менш сімпатыі да Расеі.

І хоць агулам, незалежна ад пытанняў пра саюзы, тры чвэрці рэспандэнтаў выступіла за захаванне сяброўскіх дачыненняў з Расеяй без мытні ды візаў, любоў без межаў усё ж такі згасае. Эксперты мяркуюць, калі б даследаванне правялі цяпер, пасля новых свежых заяваў Лукашэнкі пра нахіленні і візантыйшчыну, ахвотных быць разам з Расеяй аказалася б яшчэ менш.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu

Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum