Аб'ектыў 04.09.2019 Чаму Лукашэнка так любіць хлусіць?


Графік кіраўніка краіны апошнімі днямі быў насычаны: шмат сустрэчаў і выступаў. І гэтак жа шмат выказванняў Лукашэнкі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці. Гэта і хваленне, нібыта сам Ілан Маск падарыў яму аўтамабіль, і выказванні пра 150 тысячаў уцекачоў ды плынь зброі з Украіны. Словы кіраўніка Беларусі ў памежнай службе нашай паўднёвай суседкі ўжо зняпраўдзілі. Чаму Лукашэнка дазваляе сабе публічна хлусіць?

Новыя адкрыцці ад Лукашэнкі на сустрэчы са школьнікамі. Аказваецца, «Тэслу» яму падарыў асабіста Ілан Маск, убачыўшы, што той едзе на двухколавым электраматацыкле.

«У мяне ёсць электрычная машына, ведаеш яе, «Тэсла». Я час ад часу яе тэстую. Маск падарыў», – сказаў Лукашэнка.

Гучыць як чарговае пустаслоўе. За апошнія 25 гадоў такіх заяваў было шмат.

Чаго вартыя толькі словы Аляксандра Лукашэнкі з другой паловы дзевяностых гадоў, калі чалавек, які нарадзіўся ў 1954-ым, публічна прызнаў, што ягоны бацька загінуў у Другой сусветнай вайне.

«Магчымасць гаварыць што хочаш, і табе нічога за гэта не будзе. Гэта, напэўна, самае вясёлае, што ён знаходзіць у сваёй працы. І ў нас бы не хапіла проста эфірнага часу ўзгадваць усе тыя недарэчнасці і ляпсы, і проста хлусню, якую ён гаворыць на гэтай пасадзе», – кажа палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Напярэдадні ж Лукашэнка выступаў на адкрыцці канферэнцыі ААН у справе барацьбы з тэрарызмам, дзе сцвердзіў пра небяспеку, якая ідзе ў Беларусь з Украіны:

«Замкнуць мяжу наглуха, яшчэ больш чым з Паўночнаатлантычным блокам, які для нас заўсёды з даўніх часоў нібыта здаваўся ворагам нумар 1. А сёння са сваймі людзьмі закрылі мяжу наглуха. Чаму? Хлынула плынь зброі».

Інфармацыю зняпраўдзіла памежная служба нашай паўднёвай суседкі. Там кажуць, што мяжа працуе ў штатным рэжыме. З пачатку ж года зафіксавалі 20 спробаў увозу зброі з боку Беларусі ва Украіну, у кірунку нашае краіны – 18 спробаў.

«…Мы фіксуем змяншэнне плыні зброі… Калі класіфікаваць гэтую зброю, то толькі адна адзінка агняпальная, рэшта – гэта паляўнічая зброя, халодная ды электрашокеры», – зазначыў у каментары агенцтву УНІАН Андрэй Дэмачанка, прэс-сакратар Памежнае службы Украіны.

Адзначыўся Лукашэнка і яшчэ адным непраўдзівым выказваннем пра ўцекачоў з Украіны:

«Еўрапейцы 2 тысячы мігрантаў не могуць падзяліць – у моры боўтаюцца старыя, дзеці, якія ўцякаюць ад праблемаў, якія мы стварылі ў іх на Радзіме. Мы іх не прымаем, хай гінуць. А да нас 150 тысячаў хлынула не чужых нам людзей».

Але, як сведчыць Белстат, агульная колькасць мігрантаў нават не з Украіны, а з усіх краінаў СНД, якія прыехалі ў Беларусь за мінулыя пяць гадоў не дасягнула адзнакі і 90 тысячаў. Статус уцекача, паводле апошніх звестак МУС, атрымалі 2649 грамадзянаў Украіны.

«Гэта паказвае яшчэ раз недэмакратычнасць беларускай палітычнай сістэмы. У любой іншай палітыкі нёс бы пэўную адказнасць ад палітычнай да іншай за свае выказванні. Аляксандр Лукашэнка, паўтаруся, гаворыць усё што хоча на любую тэму. Даволі рэдка праўду, даволі часта няпраўду, і якраз лічыць, што яму ўсё дазволена і нічога яму за гэта не будзе», – гаворыць Віталь Цыганкоў.

Жыхары сталіцы выказваюць і іншыя меркаванні:

«У нас свабода слова нібыта, таму і гаворыць, што хоча».

«Прэзідэнт не можа хлусіць. Калі кажа, значыць, гэта праўда».

«Мне ўсё роўна

– А павінна так быць?

– Вядома, не!»

«І так зашмат падману ў гэтай краіне».

Прыкра, але праўдзіва.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары