Аб'ектыў 01.12.2016 Хворыя і памерлыя беларусы таксама заплоцяць падатак на дармаедства


Хворую на анкалогію жыхарку вёскі Лукомер Святлану Велесевіч дзяржава прымушае плаціць падатак за дармаедства. Жанчына не разумее, за што мусіць аддаваць грошы, якіх і без гэтага не стае на самыя асноўныя патрэбы.

«Я не працую ўжо восем гадоў. У мяне была саркома. Пяць гадоў я была на групе. Пасля не паехала на камісію, бо не было грошай, каб паехаць на камісію. Узімку заробкі ніякія, а мне трэба было ехаць у лютым. Тры гады я трымаю хатнюю гаспадарку, харчуемся з агароду», – прызнаецца Святлана Велясевіч, жыхарка вёскі Лукомер.

Вырошчваеш бульбу? Плаці падатак!

Жанчына была перакананая, што вядзенне хатняй гаспадаркі вызваляе яе ад падатку. Але чыноўнікі лічаць інакш.

«Я паехала ў сельсавет, а мне там сказалі, што я не трапляю пад катэгорыю людзей, якіх вызвалілі ад падатку, бо я не маю дваццаці пяці сотак, толькі васямнаццаць», – распавядае спадарыня Святлана.

Хто служыць у арміі, той – дармаед

А гэта іншая гісторыя ў тым жа Бярозаўскім раёне ў вёсцы Кабакі. Ліст «шчасця» атрымаў сын мясцовага дэпутата сельсавету Валера Білібухі. Здзіўленне было вялікае, бо Вадзім Білібуха летась вярнуўся з войска і год як працуе ў мясцовым лясніцтве.

«Што атрымоўваецца? Дзяржава забрала майго сына ў войска, забрала яму паўтара года працоўнага стажу, а цяпер запісалі ў дармаеды? Што такое творыцца ў гэтай дзяржаве?», – абураецца дэпутат сельсавету Валер Білібуха.

Мерцвякі-валацугі– рэальнасць?

У сваю чаргу ў вёску Малеча прыйшлі паведамленні аб спагнанні падатку з тых, хто ўжо ніколі не зможа заплаціць.

«Усіх лістоў «шчасця» памерлым прыйшло пяць. Атрымоўваецца, што нават нябожчыкі мусяць плаціць?», – кідае спадар Білібуха.

Чыноўнікі супакойваюць

Падатковая Бярозаўскага раёну пра памылкі размаўляе неахвотна. Аднак чыноўнікі запэўніваюць, што гатовыя выслухаць кожнага, хто мае прэтэнзіі.

«Калі грамадзянін атрымаў паведамленне і ў яго ёсць падставы да звальнення ад збору або змяншэння яго сумы, ён мусіць цягам трыццаці дзён звярнуцца ў задаткавы орган, прадставіць неабходныя дакументы. На падставе гэтых дакументаў збор можа быць перагледжаны», – запэўнівае Вольга Клімашэвіч з падатковай інспекцыі Бярозаўскага раёну.

Што рабіць, калі дакументаў няма?

Дзе ўзяць такія «неабходныя дакументы» тым, хто іх не мае. Некалькі месяцаў таму «Белсат» распавядаў пра лёс жыхароў Краснапольскага раёну на Магілёўшчыне. Жыхары большасці вёсак здаўна застаюцца без працы, бо знайсці яе тут немагчыма. Цэнтры занятасці таксама разводзяць рукамі. Людзі жывуць у беднасці. Пры гэтым некаторыя атрымалі паведамленні аб спагнанні некалькіх мільёнаў падатку за дармаедства. Дапамагчы разарваць замкнёнае кола яны прасілі кіраўніка краіны.

«Сказалі, што працы няма, плаціць не за што не хочуць. Дапамажыце мне! Дайце мне хоць якую працу!», – патрабаваў Мікалай Канаплянікаў, жыхар вёскі Раманькі.

Такіх людзей у Беларусі могуць быць тысячы. Пакуль іхны голас застаецца нячутны ў кабінетах чыноўнікаў. Прэзідэнцкі ўказ аб перадухіленні дармаедства быў падпісаны летась. Дакумент прадугледжвае падатковыя зборы памерам дваццаць базавых велічыняў з кожнага, хто не бярэ ўдзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: businessinsider.com

Глядзі таксама
Каментары