Хворых на COVID-19 у свеце – больш за 1 130 000


Злучаныя Штаты вось ужо больш за тыдзень – на першым радку паводле ліку заражэнняў.

Колькасць хворых у краіне набліжаецца да двухсот васьмідзесяці тысяч. Доналд Трамп падпісаў указ аб прыпыненні экспарту масак карпарацыі 3М, якія, паводле яго, больш неабходныя для абароны медперсаналу ЗША. У Францыі закрыць патрэбу ў абарончых сродках для медыкаў пастанавілі сваймі сіламі. Памяшканне ў адным з парыжскіх шпіталяў перакваліфікавалі ў імправізаваную фабрыку 3D-друку.

«Каб вырабіць такую прыладу з дапамогаю прамысловага працэсу, нам патрэбная цэлая фабрыка. А гэтак – мы можам перайсці ад віртуальнага прататыпу да фізічнага, хутка пратэставаць яго, а пасля за гадзіны запусціць маштабны друк», – кажа Рэман Хансары, хірург шпіталю Нэкер у Парыжы.

Францыя – у ліку краінаў, дзе ўзровень інфікавання – адзін з самых высокіх. Яшчэ горай сітуацыя выглядае ў Іспаніі, Італіі, Нямеччыны. Да таго ж на Еўропу прыпадае амаль палова УСІХ хворых на COVID-19. Гэта каля паўмільёна выпадкаў, канстатуе Еўрапейскі цэнтр прафілактыкі і кантролю захворванняў. На дапамогу Італіі сваіх дактароў накіравала Украіна.

«Мы лічым, што гэта гонар для нас – дапамагчы Італіі ў гэтыя няпростыя часы. Мы ведаем, што ў Італіі гэтак жа працуе шмат украінцаў, і, дапамагаючы Італіі, мы дапамагаем нашым грамадзянам», – паведаміў міністр унутраных справаў Украіны Арсэн Авакаў.

Прыспушчаныя сцягі, транспартавая сірэна і хвіліна маўчання. У Кітаі сёння абвешчаная жалоба па ахвярах каронавіруса. За час эпідэміі там памерлі больш за 3300 чалавек. На сёння на мацерыковай частцы краіны налічваюць больш за 82 тысячы пацверджаных выпадкаў COVID-19.

Усевалад Шлыкаў, Юлія Лабанава, «Белсат»