Хваляванні на дзяржпрадпрыемствах працягваюцца


Змянілася форма. Праз чатыры месяцы пасля выбараў хваляванні рабочых працягваюцца

35 асобаў далучыліся да страйку, 940 выйшлі з праўладнага прафсаюзу. Гэткія вынікі забастоўкі на прадпрыемстве «Горадня Азот».

«Тыя лічбы, якія агучыў кіраўнік праўладнага прафсаюзу Ражанскі, мне здаецца, што яны занадта сціплыя, бо толькі за жнівень пакінула больш за 500 чалавек. Вялікі наплыў чакаецца пасля Новага года, дакладней, нават напярэдадні Новага года, таму што людзі чакаюць сваіх падаруначкаў за ўнёскі, якія яны заплацілі», – лічыць звольнены, чалец стачкаму Юрый Рававы.

На Беларускім металургічным заводзе лік тых, хто афіцыйна далучыўся да страйку, больш сціплы, – 10 асобаў. Яшчэ двум за актыўную пазіцыю не працягнулі кантракту. На знак салідарнасці з калегамі звольнілася і працаўніца ідэалагічнае службы Сняжана Пагодзіна.

«Я бачыла, як усе разлікі робяцца, каб прыціснуць чалавека, зрабіць так, каб ён баяўся выказаць сваё гледзішча. Шмат хто сыходзіць ціха, каб не было ніякага пераследу», – расказвае Сняжана.

Колькасць звольненых «ціха» невядомая. Тыя, што працягваюць працаваць на заводзе, распавядаюць пра падпольны рух і спробу ўтварыць незалежны прафсаюз.

«Падалі дакументы на рэгістрацыю ў райвыканкам, дакументы на разглядзе. Чакаем месяц. Агульная колькасць пададзеных заяваў – больш за 200. Гэта работнікі заводу. Адкрыта подпісы збіраць не дазваляе кіраўніцтва, агітаваць не дазваляе. Усё так, у курылках», – ананімна дзеліцца працаўнік заводу.

Некалькі дзён таму на заводзе ў курылках прыбралі лаўкі ды забаранілі збірацца больш як двум людзям адначасна.

У дачыненні чацвярых работнікаў Беларускага металургічнага заводу распачалі крымінальную справу за спробу баставаць. Усе работнікі, якія далучыліся да стачкі, звольненыя.

«Так, мы мелі права на стачку, але там столькі ўмоваў. Мы іх спрабавалі 17 жніўня… гэтыя ўмовы з юрыстамі прафкаму зрабіць усё адпаведна закону. Але нам не пайшлі насустрач. У Беларусі я маю намер шукаць працу толькі пры іншым прэзідэнту», – расказвае Аляксей Аўдзееў, звольнены працаўнік БМЗ.

Выхад з праўладных прафсаюзаў, далучэнне да страйкамаў, звальненні на знак салідарнасці, італьянскія забастоўкі – усё гэта доўжыцца на дзяржаўных прадпрыемствах чацверты месяц.

«Калі тады гэта быў такі эмацыйны парыў, то цяпер гэта свядомы пратэст людзей смелых. Над актывістамі ладзяць расправы. Кантралююць выкананне працоўных абавязкаў, час сыходу і прыходу на працу, выкананне інструкцыяў разнастайных», – кажа старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Максім Пазнякоў.

Нягледзячы на супрацьстаянне, да страйку далучыліся працоўныя «Беларуськалію», «Горадня Азоту», БелАЗу, БМЗ, Менскага маторнага заводу, «Нафтану», тытунёвае фабрыкі «Нёман», Беларускае чыгункі.

Алена Дубовік, Белсат