Хваля звальненняў закранула творчых людзей


Хваля рэпрэсіяў у перадвыбарчы перыяд дакацілася і да людзей творчых прафесіяў. Усяго адзін пост на старонцы ў сацыяльнай сетцы каштаваў аўтарам і вядоўцам аўтарскіх праектаў на дзяржаўным тэлебачанні ні многа – ні мала закрыцця праграмаў. Тэму працягне Аляксандр Пуціла.

Кацярына Пытлева пачала працаваць на Беларускім тэлебачанні з восьмага класа. Дзяўчына і падумаць не магла, што больш як праз дваццаць гадоў ейнае прафесійнае дзейнасці яе назавуць не годнай быць тут вядоўцаю, бо, быццам бы, парушыла карпаратыўную этыку. Парушэннем палічылі допіс у сацыяльных сетках пра сітуацыю вакол крамы «Symbal.by» і пра затрыманні падчас мірных акцыяў іх удзельнікаў і журналістаў.

«Калі б я была кіраўніком, то, вядома, я б у першую чаргу дзеяла ў інтарэсах кампаніі і ў інтарэсах сваіх працаўнікоў. І я ў першую чаргу трымалася б за прафесіяналаў. І калі прафесіянал не шкодзіць кампаніі, а сваёй працаю ён дакладна не шкодзіць і ягоныя выказванні не робяць шкоды кампаніі, я б, вядома, такога чалавека пакінула. І наадварот – калі б мяне не знялі з эфіраў, то гэта быў бы паказнік дэмакратычнасці ды адкрытасці Белтэлерадыёкампаніі. Але гэтага не адбылося, таму палітыка кіраўніцтва ясная», – кажа Кацярына Пытлева.

І, як выявілася, гэткая палітыка не толькі ў кіраўніцтва «Белтэлерадыёкампаніі». Мікіта Моніч быў навуковым працаўніком Нацыянальнага мастацкага музею. На сваёй старонцы ў Фэйсбуку ён размясціў верш-зварот да Аляксандра Лукашэнкі. Неўзабаве таленавітага экскурсавода звольнілі.

«Калі бяруць у закладнікі творы мастацтва, калі іх выкарыстоўваюць, выварочваючы… Для мяне самае галоўнае, што зрабіў Бабарыка, прывёз у нашую краіну, то напачатку я пісаў нейкія пасты празаічнага кшталту, а потым папёрла. І вось нараджалася гэта ўсё ўнутры некалькі дзён, гэта ўсё выпрацоўвалася некалькі дзён. І падумаў: усё роўна – гэта ж мой верш, і маё стаўленне да мастацтва, і мая старонка ў Фэйсбуку, асабістая», – адзначыў Мікіта Моніч.

Гісторыі і Кацярыны Пытлевай, і Мікіты Моніча паказваюць, што цяпер асабліва востра паўстае пытанне падзелу на сваіх і чужых у беларускім грамадстве, кажа медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

«Людзі, якія адчулі, што яны цяпер нязгодныя з самачынам ці чымсьці яшчэ, некаторыя з іх маглі не думаць, што яны выказваюцца ў апазіцыйным, нават, гледзішчы. Бо не ўсе гэтыя выказванні, за якія людзі пацярпелі, выглядаюць палітычнымі. Разам з тым, так гэта спрацавала», – заявіў ён.

Яшчэ нядаўна стала вядома пра звальненне шэрагу працаўнікоў з беларускіх дзяржаўных каналаў. Сярод іх – шоўмен Дзмітрый Урангель, а таксама Меліціна Станюта. Знакамітую гімнастку звольнілі пасля таго, як яна выказалася пра затрыманне людзей у чарзе ў краму «Symbal.by».

Алесь Пуціла, «Белсат»