Хваля судоў і буйных штрафаў для праціўнікаў інтэграцыі з Расеяй


У Менску і іншых гарадах працягваюць рэпрэсіі супраць удзельнікаў акцыяў за абарону незалежнасці Беларусі. 8 студзеня адміністратыўныя працэсы прайшлі ў Пінску ды масава – у сталіцы. Там усім удзельнікам прысудзілі буйныя штрафы.

Айчынная Фэміда вярнулася да працоўных будняў. Цягам найбліжэйшых трох дзён беларускія суды разгледзяць каля 50 адміністратыўных справаў удзельнікаў снежаньскіх пратэстаў супраць інтэграцыі з Расеяй. У Менску шэраг актывістаў пакаралі новымі штрафамі ў судзе Маскоўскага раёну.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

На 1350 рублёў зноў аштрафавалі сустаршыню Руху Салідарнасці «Разам» Алену Талстую. Суд вынес рашэнне без ейнай прысутнасці. Для жанчыны гэта ўжо другое пакаранне за ўдзел у акцыях за незалежнасць Беларусі. У снежні яе аштрафавалі на 50 базавых велічыняў і на 5 дзён накіравалі ў ізалятар часовага ўтрымання – у камеру з антысанітарыяй, дзе тэмпература паветра не перавышала 15 градусаў.

За ўдзел у акцыі 20 снежня судзілі актывістаў «Моладзевага Блоку» Міхася Варанцова і Алану Гебрэмарыям. Варанцову вынеслі 810 рублёў штрафу. Гебрэмарыям запатрабавала адвод суддзі Таццяны Мотыль, аднак запыт адхілілі. Актывістка была здзіўленая, што суд прыняў пратакол без датаў, подпісаў і з памылкамі да справы:

«Людзей, якія выйшлі выказаць сваю пазіцыю і паказаць, што ім гэта важна, іх за гэта судзяць і дэмаралізуюць, гэта жудасна, і я лічу, што ў нас ёсць канстытуцыйнае права выказвацца і канстытуцыйнае права выходзіць на мірныя сходы», – кажа актывістка «Моладзевага Блоку» Алана Гебрымарыям.

«Судовы працэс быў вельмі кароткі, таму што я адмовіўся ад дачы паказанняў, і я гэта зрабіў, таму што я не бачу сэнсу ў гэтых паказаннях, усе адно ўсё ўжо вырашана. Чым апраўдвацца – лепш паказаць суду маё стаўленне», – кажа актывіст «Моладзевага Блоку» Максім Варанцоў.

Віктара Савіча і Сяргея Антончыка, якія на паседжанні не прыйшлі, аштрафавалі на 675 рублёў і 810 рублёў адпаведна. Сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў Мікалая Трафімчука пры ягонай адсутнасці аштрафавалі на 540 рублёў. Святар Леанід Акуловіч, а таксама Марына і Вячаслаў Касінеравы атрымалі па 810 рублёў штрафу кожны. Самое паседжанне сужэнства праігнаравалі ды Вячаслаў дэманстратыўна парваў пратакол перад будынкам суда.

«Вырашылі проста падтрымаць іншых людзей на судзе, у якіх гэта не так часта ці для якіх гэта такі шакуючы досвед, калі ім трэба прыйсці на суд, калі ім выпісваюць аграменныя штрафы», – кажа Вячаслаў Касінераў, удзельнік акцыі пратэсту.

За пікет дзеля абароны незалежнасці Беларусі 20 снежня на 270 рублёў у Пінску асудзілі былога дэпутата гарадскога савету Мікалая Міхалевіча. Паседжанне адбылося і ў дачыненні актывіста Дзмітрыя Тарасюка, аднак агалошанне рашэння перанеслі на заўтра.

«Наша ўлада працягвае пераследаваць людзей з патрыятычнымі поглядамі, тых людзей, якія хочуць абараняць сваю радзіму і будуць, і абараняюць гэтую радзіму», – абураны Міхаіл Міхалевіч, былы дэпутат Пінскага гарадскога савету.

Масавыя суды супраць актывістаў – інструмент запалохвання грамадзянаў, якім улады паказваюць, што кантралююць сітуацыю ў краіне, мяркуе юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч:

«Мы са свайго пункту гледжання расцэньваем суды як непрапарцыйнае пакаранне грамадзянаў за рэалізацыю іхных грамадзянскіх правоў, свабоды мірных сходаў, выказванне свайго меркавання. Тут трэба падкрэсліць, што ўсе акцыі пратэсту, якія адбываліся, яны насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні грамадскаму парадку, ні тым больш – нацыянальнай бяспецы».

Хваля судовых працэсаў працягнецца яшчэ два дні. Больш за 30 паседжанняў адбудуцца 9 студзеня ў сямі судах Менску ды некалькі ў Пінску.

Юлія Лабанава belsat.eu