Хутка пазнаёміцца з рознымі мовамі. Еўрапейскі дзень моваў упершыню ў Беларусі


Паслухаць замежную мову і палепшыць моўныя навыкі, пазнаёміцца з літаратурнымі навінкамі і ўзяць удзел у віктарыне – такую магчымасць атрымалі ўдзельнікі Еўрапейскага дня моваў, які ўпершыню адзначылі ў Беларусі.

220 – такая колькасць карэнных моваў на еўрапейскім кантыненце. Свята еўрапейскіх моваў мае на мэце паказаць моўную разнастайнасць гэтае часткі свету. Сёлета яго адзначаюць 19-ты раз, у Беларусі – упершыню.

«Я думаю, што гэта не дзіва, што такая сустрэча адбываецца, прынамсі, у нашай бібліятэцы. І нашым замежным сябрам хачу нагадаць, што Беларусь заўсёды была шматмоўнаю, мультыкультурнаю краінай», – паведаміў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі.

Свята моваў – гэта таксама знаёмства з навінкамі сучаснай еўрапейкай літаратуры. Але галоўнае – магчымасць паразмаўляць на розных мовах кантыненту. Такіх было 14.

«Вельмі важна вучыць замежныя мовы, і вось гэта – найлепшая магчымасць пазнаёміцца з рознымі замежнымі мовамі за кароткі час», – сцвярджае выкладчык і ўдзельнік свята Аляксей Буслейка.

Удзельнікамі першага свята былі перадусім менскія студэнты:

«Размаўляў на літоўскай мове з прадстаўнікамі Літоўскай Рэспублікі, даведаўся, што такое «лабас вакарас» – «добры вечар».

«Я стаю ў чарзе па ангельскую мову. Я размаўляю па-ангельску, але заўсёды марыла паразмаўляць з сапраўдным носьбітам англійскай мовы».

«Я лічу, што гэта ідэальная ідэя для навучэнцаў. Я, да прыкладу, вучуся ў Інстытуце замежных моваў і хачу паразмаўляць з рознымі людзьмі на розных мовах, каб вызначыцца, якую мову далей вывучаць».

Свята еўрапейскіх моваў у Беларусі – гэта таксама падмацаванне статусу беларускае мовы як складніка моўнае разнастайнасці Еўропы.

«Мы вельмі радыя, што EUNIC – аб’яднанне культурніцкіх прадстаўніцтваў інстытутаў і амбасадаў – праводзіць гэты дзень у Беларусі. Гэта важна для нас таму, што беларуская мова – таксама частка еўрапейскіх моваў і заслугоўвае таго, каб мы яе сёння шанавалі, у тым ліку ў кантэксце шматмоўнага свету», – заявіў адзін з арганізатараў, дырэктар Інстытуту Гётэ ў Менску Якаб Рачэк.

Першае Свята еўрапейскіх моваў у Менску адбылося з удзелам амбасадараў і прадстаўнікоў замежных дыпламатычных місіяў у Беларусі. Арганізатары плануюць ладзіць яго штогод.

Галіна Абакунчык belsat.eu