Хто такі аўтрыч-працаўнік? Новая прафесія для таго, хто хоча рабіць добрую справу


У Беларусі з пачатку года часткова прыпынілася праграма прафілактыкі ВІЧ/СНІД. Прычына: адсутнасць рэгістрацыі гранту Глабальнага фонду для барацьбы са СНІДам, сухотамі, малярыяй.

Свой сярод сваіх. Аўтрыч-працаўнік – новая прафесія, якая прадугледжвае распаўсюд інфармацыі сярод патэнцыйна ўразлівых групаў: нарказалежных, працаўніц секс-бізнесу.

«Большасць з нас самі былі і ведаем праблему не з чутак, ведаем праблему знутры і па меры сваіх сілаў спрабуем дапамагаць», – расказвае аўтрыч-працаўнік ГА «Пазітыўны рух» Максім Базаеў.

Аўтрыч-працаўнік тлумачыць, як можна пазбегнуць інфікавання страшным вірусам, раздае гігіенічныя сродкі ды шпрыцы. Бо нарказалежныя часта робяць ін’екцыі з дапамогаю ўжо скарыстаных шпрыцаў.

«У любы час содняў яны могуць прыйсці да мяне дадому або зайсці, або я прынясу шпрыцы, ну прынамсі так было раней», – кажа іншы аўтрыч-працаўнік Дзяніс Паплаўскі.

На 1 студзеня ў краіне зарэгістравана амаль 21 тысячаў хворых на ВІЧ. І штогод іх колькасць павялічваецца ў сярэднім на 2 з паловаю тысячы. Беларусь уваходзіць тройку еўрапейскіх краінаў з самым вялікім узроўнем распаўсюду вірусу.

Арганізацыя «Пазітыўны рух» мае ў Менску тры вось такія мікрааўтобусы. Мабільныя пункты прафілактыкі працуюць па буднях у месцах канцэнтрацыі нарказалежных. Тут кансультуюць нарказалежных. Таксама ёсць магчымасць даведацца пра свой ВІЧ-статус. Ад пачатку 2018 года працаўнікі «Пазітыўнага руху» не атрымліваюць заробку. У арганізацыі адсутнічаюць інфармацыйныя матэрыялы, гігіенічныя сродкі, шмат якія віды шпрыцаў.

«Наступствы могуць быць, і яны на цяперашні момант ужо наступаюць. Наступствы страшныя ў плане росту эпідэміі ВІЧ-інфекцыі. Мэта праграмы – гэта давесці людзей, у якіх мы выявілі ВІЧ, да лекавання. На гэты момант у нас такія людзі ў падвешаным стане», – расказвае Анатоль Паспелаў, старэйшы сацыяльны супрацоўнік ГА «Пазітыўны рух».

З 2004 года Глабальны фонд вылучае Беларусі фінансаванне на праграму прафілактыкі і барацьбы з ВІЧ, СНІДам і сухотамі. Атрымаць грошы сёлета мусілі 10 некамерцыйных арганізацыяў. Грант яшчэ ў студзені прайшоў узгадненне ў Міністэрстве эканомікі.

«Насамрэч, працэс можна скараціць да аднога дня. Усе асноўныя працэдуры ўжо пройдзеныя. Тут проста трэба, каб выйшла пастанова міністраў. І тут мы не бачым ніякіх падставаў зацягваць гэты працэс на месяцы», – кажа Алег Яромін, старшыня асацыяцыі «Белсетка-АнтыСНІД».

Юрысты заўважаюць: у краіне існуе агулам праблема з рэгістрацыяй замежнай дапамогі.

«У маёй практыцы было пару выпадкаў, калі арганізацыя атрымлівала грошы паводле праекту, у адпаведнасці з умовамі праекту праект заканчваўся, а дапамога яшчэ не была зарэгістраваная», – гаворыць дырэктарка Цэнтру прававой трансфармацыі Вольга Смалянка.

У РНПЦ медычных тэхналогіяў, які падаваў дакументы на рэгістрацыю гранту, нам паведамілі, што дапамога мусіць быць зарэгістраваная ў сярэдзіне сакавіка. Амаль два з паловаю месяцы з пачатку года.

Наста Кахановіч, belsat.eu