Хто такая Наталля Качанава і як яна стала найбольш уплывовай жанчынай Беларусі?


«Жанчына ў першую чаргу мусіць быць мамай, несумненна. Але часамі так складваецца, што ты разумееш, што акрамя сямʼі ёсць яшчэ і праца, і праца цікавая».

Новая ды, напэўна, цікавая праца цяпер ужо былой віцэ-прэм’еркі Наталлі Качанавай гэтым разам чакае ў сценах Адміністрацыі кіраўніка Беларусі. Два гады таму былая кіраўніца Наваполацкага гарвыканкаму шмат для каго нечакана стала намесніцаю прэм’ер-міністра Беларусі – першаю жанчынай на гэткай высокай пасадзе. Сёлета гэтак жа нечакана Качанава стала першаю жанчынай – кіраўніцай Адміністрацыі Лукашэнкі.

АЛЯКСАНДР КЛАСКОЎСКІ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:

«І з Расеяй гэты канфлікт зацягнуўся, і валавы ўнутраны прадукт падае, і экспарт падае, і крэдытаў не даюць, ні МВФ, ні Еўразійскі фонд. У такой сітуацыі нічога не застаецца, як займацца ператасоўваннем гэтай картавай калоды з прывідным спадзевам, што раптам ад перамены складнікаў нешта зменіцца. Я думаю, нуль па фазе, нічога не зменіцца».

Хіба адзінае, што дапускаюць адмыслоўцы на новай пасадзе ад Качанавай, – гэта папаўненне скарбонкі скандальных заяваў чыноўніцы. Яшчэ падчас віцэ-прэм’ерства Наталля Качанава неаднаразова трапляла ў скандалы праз свае заявы. Гэтак, маладым адмыслоўцам яна раіла не разлічваць на высокія бонусы ды цвердзіла, што малады трэнер мусіць быць удзячны за заробак 130 рублёў.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ АБ ПРЫЗНАЧЭННІ НАТАЛЛІ КАЧАНАВАЙ:

«Думаю, што такія людзі не могуць займаць такія высокія пасады, бо ў першую чаргу яны мусяць думаць пра чалавека».

«Хай яна зарабляе сама такія грошы, і ўсё нармалёва будзе. Усе вашыя Качанавы, і ўсе астатнія. Іх там цэлая кампанія, добрая такая».

«У нашай краіне яна яшчэ галоўнай будзе, хай яна самым галоўным трэнерам і ідзе. Усяго добрага».

Бадай пра паляпшэнне дабрабыту, у адрозненне ад простых беларусаў, Наталлі Качанавай думаць не даводзіцца. Ужо паводле традыцыі беларускія чыноўнікі, бізнесоўцы, артысты шоу-бізнесу, набліжаныя да кіраўніка краіны, будуюць нятанную нерухомасць у элітным катэджным пасёлку «Дразды». Не выключэннем стала і новая кіраўніца Адміністрацыі Лукашэнкі – у кастрычніку чыноўніцы выдзелілі надзел памерам каля 15 сотак, дзе неўзабаве мусіць паўстаць гэткая нерухомасць.

ЯГОР МАРЦІНОВІЧ, НАМЕСНІК ГАЛОЎНАГА РЭДАКТАРА «НАШАЙ НІВЫ»:

«Звычайнаму смяротнаму туды патрапіць немагчыма, хоць па правілах свабодныя ўчасткі ў першую чаргу мусяць выдзяляцца шматдзетным семʼям па сваёй чарзе. А ўжо калі не знойдуць ахвочых, то тады выстаўляцца на аўкцыён. Зразумела, што ніякага аўкцыёну не было, а Качанава атрымала зямлю рашэннем Менскага гарвыканкаму».

Паводле актуальных расцэнак, за катэдж у «Драздах» уладальнікі па-ранейшаму просяць немалыя грошы – у сярэднім 750–800 тысяч долараў. Згодна з падлікамі «Нашай нівы», для яго пакупкі беларусу з сярэднім заробкам давядзецца працаваць як мінімум 175 гадоў.

Віталь Бабін, «Белсат», фота: kp.by