Хто радыкалізуе пратэст?


Прэс-служба Міністэрства ўнутраных справаў зноўку паведамляе пра затрыманні людзей, якія нібыта планавалі падпалы адміністрацыйных будынкаў ды пра баевікоў з бітамі на вечаровых дэманстрацыях. Падначаленыя Юрыя Караева заяўляюць пра радыкалізацыю пратэстаў і пагражаюць ужываць баявую зброю. Словы пра расстрэлы змагароў падхоплівае і дзяржаўная прапаганда.

Пярцовы газ, траўматычныя пісталеты і святлошумавыя гранаты – супраць пенсіянераў; вадамёты з фарбавальнікам і прыклады драбавікоў – супраць удзельнікаў нядзельнага Маршу гонару. Жорсткія разгоны пратэстоўцаў за апошнія дні нагадвалі рэпрэсіі пачатку жніўня.

«Калі яшчэ былі падзеі жніўня, гэта было неразуменне, як такое ўвогуле магчыма. Я не мог уявіць, што ў Беларусі людзі – нават сілавікі – могуць біць сваіх суграмадзянаў. Цяпер гэта, хутчэй, расчараванне, стома і злосць на тое, што адбываецца».

«Я лічу, што гэтыя людзі выходзяць туды, куды яны не павінныя былі выходзіць. Гэта па-першае. Па-другое. Я ехала і думала: хто мой. І ведаеце, што я зразумела? АМАП – гэта мае людзі, а БЧБ – гэта не мае людзі».

«Я лічу, што два бакі няправільна сябе вядуць. Адзін бок які ўсё гэта творыць, а другі, які вытварае».

«Людзі выходзяць мірна. З пачатку ўсе былі мірныя пратэсты толькі. А ўва што ператварыў АМАП – гэта жахліва», – кажуць жыхары Менску.

На думку палітолага, узмацненне гвалту з боку ўладаў звязанае, перш за ўсё, з жаданнем Лукашэнкі як найхутчэй пазбавіцца пратэстаў і зачысціць палітычную прастору.

«Той факт, што ўжо трэці месяц сітуацыя не выходзіць з тупіковай для Лукашэнкі, падрывае ягоны аўтарытэт, падрывае веру ягонага атачэння нават у тое, што ён увогуле здольны прывесці сітуацыю да нармалізацыі», – мяркуе палітолаг Павел Усаў.

Сёння ноччу, паводле Следчага камітэту, на тэрыторыю Савецкага РУУС Менску кідалі кактэйлі Молатава. Паводле інфармацыі, адзін з трох патрапіў у службовы аўтобус, у выніку чаго той загарэўся.Пратэставы рух робіцца больш радыкальным – сцвярджае Міністэрства ўнутраных справаў. А таму сілавікі пагражаюць супраць пратэстоўцаў ужываць баявую зброю.

«Ад імя МУС заяўляю: мы не сыдзем з вуліцаў і забяспечым парадак у краіне», – заявіў першы намеснік міністра ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч.

Услед за намеснікам міністра ўнутраных справаў расстрэлам удзельнікам акцыяў пратэсту прыгразіў і сацыёлаг з Акадэміі навук.

«Калі не спыніць жорсткімі мерамі гэтыя праявы, можам атрымаць другі клон «Правага сектару», і тады будзе разыграная іншая карта – з захопам улады ў рэгіёнах. Таму варта прымаць комплекс захадаў – ад ідэалагічных формаў (адукацыйных і асветніцкіх) да больш жорсткіх з ужываннем спецсродкаў і зброі», – адзначыў загадчык аддзелу Інстытуту сацыялогіі НАН Беларусі Мікалай Шчокін.

Гэткімі заявамі ўлады намагаюцца псіхалагічна тэрарызаваць грамадства – упэўнены Павел Усаў.

Пагрозы сыплюцца і ад дзяржаўнага тэлеканалу СТВ:

«Будзеце бегчы так хутка, як ніколі не бегалі. Вы яшчэ па-сапраўднаму не сустракаліся з беларускай міліцыяй. Вадамёты вам пададуцца фантанам!»

Пратэсты не мірныя – як мантру паўтараюць дзяржаўныя тэлеканалы. І сцвярджаюць, што пратэстоўцы выходзяць, каб знішчаць горад і міліцыянтаў.

«Заўсёды трэба задумвацца, адкуль гэта вядома, чаму мне хочуць прапанаваць эмоцыі замест фактаў, і калі ўдаецца зрабіць гэтыя хатнія практыкаванні, тады ні прапаганда, ні дэзынфармацыя не працуюць у поўнай меры», – медыйны эксперт Паўлюк Быкоўскі.

Аднак пратэст мае права радыкалізавацца – мяркуе палітолаг.

«Мы бачым: як бы мірна і спакойна не паводзіліся пратэстоўцы, з якімі б пазітыўнымі намерамі ні хацелі пратэставаць, улады ўсё роўна выкарыстоўваюць усе метады брутальныя, якія толькі могуць, каб запалохаць, каб збіць, зламаць, катаваць людзей. Радыкалізацыя – гэта адзіны магчымы на сённяшні дзень спосаб самаабароны грамадства», – кажа Павел Усаў.

Абураныя гвалтам супраць пенсіянераў, на вуліцы выйшлі жыхары розных гарадоў. Агулам падчас учорашных пратэстаў затрымалі 186 чалавек.

Анастасія Русецкая, «Белсат»