Хто перамог у гандлёвай вайне Беларусі і Расеі?


У чым жа сутнасць эканамічнага развязання канфлікту? Хто перамог, а хто пайшоў на саступкі, і як гэта можа адбіцца на беларусах?

Часовае патуранне коштам стратэгічнае саступкі

Гэтак незалежныя адмыслоўцы ацэньваюць тое, ува што выльюцца для Беларусі дамоўленасці Лукашэнкі і Пуціна, дасягнутыя напярэдадні ў Пецярбурзе.

Сутнасць дамоўленасцяў

Беларусь заплоціць $ 700 млн. пазыкі за газ, што назапасілася да сёння. Расея, у сваю чаргу, адновіць пастаўкі нафты ў нашую краіну да 24-ох мільёнаў тонаў за год. А таксама дасць зніжку на блакітнае паліва да канца 2019-га года. Што праўда, бакі заяўлялі пра дамоўленасць яшчэ паўгода таму, але канфлікт тады, тым не менш, працягнуўся.

Бліжэйшы час замірэнне ўсё ж імавернае

Рэч у тым, што мінулым разам у Менску не было грошай выплаціць газавы доўг і ён унёс толькі авансавы плацеж, які Масква вярнула з патрабаваннем заплаціць усё. Але гэтым разам бакі дамовіліся, што Расея рэфінансуе, то бок перанясе на наступныя гады, выплаты Менску па расейскіх крэдытах, узятых раней.

Дзякуючы гэтаму ўва ўладаў сёлета вызваліцца $ 750–800 млн. Плюс да гэтага кіраўнік Расеі абнадзеіў свайго беларускага калегу наконт атрымання далейшых траншаў крэдыту ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця.

Здавалася б, перамога Менску, які атрымаў усё, чаго дамагаўся ад Расеі

Але гэта ўсё было атрыманае цаною вялікае саступкі. Стварэння адзінага рынку электраэнергіі Масква дамагалася апошнія чатыры гады. Але Менск гэтаму супраціўляўся.

Дэдлайн выканання ўмоваў па электраэнергетыцы, гэта час да 2019-га года, акурат тады, калі канчаецца абумоўленая зніжка на газ. Падобна, што гэтае супадзенне не выпадковае. У выпадку, калі Менск не выканае абяцанага, Расея зможа ўсталяваць карную цану на газ. Што праўда, у 2019-ым годзе мае запрацаваць і беларуская АЭС. Але гэта ўсё адно не наблізіць сабекошту беларускай электраэнергіі да расейскай, а можа, і наадварот.

У выніку нафтагазавае вайны Менск выгандляваў сабе часовую паблажку

Перанос тэрмінаў выплат па крэдытах – ды часовую зніжку на газ, а саступку зрабіў стратэгічную, як і ў выпадку з продажам айчынных газаправодаў. Праз два гады, калі дамоўленасці будуць выкананыя, беларускія энергетыкі пачнуць несці ў разы большыя страты, чымся выйграюць цяпер ад зніжкі на газ, а пры існай эканамічнай сістэме ўрад будзе вымушаны перакласці гэтыя страты на плечы беларусаў.

Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота: kremlin.ru