Хто падпісваецца за альтэрнатыву Лукашэнку?


Грошай няма. Такім чынам Цэнтрвыбаркам патлумачыў сваю адмову ўсталяваць на выбарчых участках уэб-камеры. Чарговы раз выбарцы не змогуць пабачыць, як праходзіць галасаванне. Затое мы можам назіраць, хто з прэтэндэнтаў мае сапраўднае народнае падтрыманне. За каго рэкорднымі тэмпамі падпісваюцца беларусы?

35 тысяч подпісаў за тры няпоўных дні – сваім поспехам бізнесовец Віктар Бабарыка падзяліўся ў сацыяльных сетках. Галасы за яго пакуль збіраюць толькі ў Менску, неўзабаве падлучацца рэгіёны.

«Падпісаўся, таму што я з дзелавога асяроддзя. Я, па сутнасці, буду галасаваць за свайго калегу».

«Падпісалася, бо я хачу, каб мая краіна была эканамічна незалежнай і багатай».

«Адукаваны чалавек, я думаю, ён разбіраецца ў сітуацыі», – так тлумачаць свой выбар прыхільнікі Віктара Бабарыкі.

Аніводныя нашыя выбары з 1994 года міжнародная супольнасць не прызнала дэмакратычнымі. Аднак паплечнікі Віктара Бабарыкі заклікаюць галасаваць і вераць, што адстаяць выбар можна.

«Гэты падыход, калі кожны з нас сядзеў па дамах, не спраўдзіўся на працягу некалькіх выбараў. І калі мы ўсе прыйдзем разам, то я думаю, што не хопіць сумлення ў сябраў Цэнтрвыбаркаму і выбарчых камісіяў гэта ўсё знішчыць», – мяркуе Ігар, сябра ініцыятыўнай групы кандыдата.

Віктару Бабрыку і Валерыю Цапкалу сімпатызуюць прадстаўнікі сярэдняга класу – мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч.

«Гэта людзі, якія, у адрозненне ад электарату Ціханоўскага, не гатовыя да нейкіх радыкальных дзеянняў. Таму, бачыце, рыторыка і Бабарыкі, і Цапкалы вельмі асцярожная. Яны не столькі крытыкуюць дзейную ўладу, колькі кажуць пра магчымасць пераменаў», – кажа Валер Карбалевіч.

Тым часам пратэставы блогер Сяргей Ціханоўскі сустрэўся са сваймі прыхільнікамі ў Магілёве. Подпісы збірае за сваю жонку, бо ягоную групу ЦВК не зарэгістравала. 9 жніўня – у дзень галасавання – блогер заклікаў людзей выйсці на плошчы, каб пратэставаць.

«Мы нагамі паказваем свой пратэст, нагамі! Вось – мы, беларусы! Мы супраць! Мы хочам пераменаў!» – заявіў Сяргей Ціханоўскі.

Хто можа адгукнуцца на заклікі Сяргея Ціханоўскага?

«Гэта людзі, у якіх дрэнны сацыяльна-эканамічны стан. Гэта людзі, якія зняверыліся ў справядлівасць дзейнай улады. Гэта людзі, у якіх няма вялікіх каштоўнасцяў, і лозунг Ціханоўскага «Далоў» працуе», – тлумачыць Валер Карбалевіч.

З падобным лозунгам удзельнічае ў кампаніі кандыдат пратэсту Уладзімір Няпомняшчых. Подпісы ён збірае не для таго, каб стаць кандыдатам. У пікетах ён заклікае гэтыя выбары байкатаваць.

«Выбараў няма, не было і не будзе! Чаму я гэта заяўляю, і заяўляю афіцыйна? Сёння ў Гомлі я выйшаў на першы пікет. Да мяне падышла жанчына з мужчынам. Яны сказалі, што іхная дачка працуе настаўнікам. Кіраўніцтва школы ўжо прымусіла яе і калегаў прынесці пашпарты і запісацца ў групу Лукашэнкі», – падзяліўся Уладзімір Няпомняшчых.

У сумленнасць выбараў не вераць і кіраўнікі перадвыбарчага штабу Андрэя Дзмітрыева. Аднак кампанія адкрывае дадатковыя магчымасці.

«У нас больш магчымасцяў сустракацца, праводзіць пікеты. Магчымасці для камунікацыі лепшыя. Таму мы ўдзельнічаем у гэтай кампаніі. Нашая праграма, калі коратка, змяшчаецца ў тры фразы: гаварыць праўду, цаніць людзей, змяняць уладу», – кажа кіраўнік штабу Андрэя Дзмітрыева Сяргей Вазняк.

На тое, каб сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў, у ініцыятыўных групаў застаецца 3 тыдні.

Аляксандр Папко, «Белсат»