Хто кандыдаты ў дэпутаты? 8 % – моладзь, 25 % – жанчыны


Каля 7 чалавек на месца – такім можа стаць конкурс у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, калі, вядома, Цэнтральная выбарчая камісія зарэгіструе кожнага з кандыдатаў. Сярод заяўнікаў – дзяржаўныя службоўцы, працаўнікі і пенсіянеры і траціна цяперашняга складу дэпутацкага корпусу.

На 110 дэпутацкіх месцаў пакуль прэтэндуюць 703 кандыдаты, бальшыня з іх – партыйныя вылучэнцы (424 асобы). Па тысячы подпісаў сабралі толькі 272 чалавекі, 128 – вылучылі працоўныя калектывы.

Традыцыйна найменш за ўсіх моладзі да 30 гадоў – толькі 8 %, а таксама жанчын – 25 % ці 174 асобы. Значная частка жанчын ідзе ад дэмакратычных партыяў і рухаў, у Беларускай хрысціянскай дэмакратыі гэта палова з 35 вылучэнцаў.

«У патрыярхальным грамадстве, якім ёсць беларускае, калі мы, дэмакраты, прыйшлі б да ўлады, то варта было б адное-два скліканні пакінуць квоты, каб стымуляваць жанчын, каб яны паверылі ў свае сілы, што можна стаць дэпутатам. У сённяшняй сітуацыі той склад парламенту, якім кічыцца і наш кіраўнік, што ў нас 30 % жанчын, гэта ж зразумела, што гэта не тыя жанчыны, якія самастойна сталі дэпутатамі», – кажа кандыдатка на выбары, сябра БХД Вольга Кавалькова.

Сярод палітычных партыяў найбольш вылучэнцаў з прадзяржаўных партыяў і рухаў: Ліберальна-дэмакратычная прапануе сваіх сябраў амаль на кожную акругу, напалову менш – Камуністычная партыя, на трэцім месцы – Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці.

Сярод апазіцыйных партыяў у лідарах АГП з больш як 50 вылучэнцамі. Трохі менш – у сацыял-дэмакратаў, і па 33 асобы спадзяюцца зарэгістраваць Партыя БНФ і «Справядлівы свет». Магло б быць болей, – мяркуюць у шэрагах дэмакратычных сілаў – калі б электарат верыў у выбары.

«Да грамадзянаў прыйшло разуменне таго, што выбараў няма, і ўдзел у гэтым працэсе не нясе для людзей абсалютна ніякай карысці», – дзеліцца ўражаннямі намеснік старшыні руху «За свабоду» Віктар Янчурэвіч.

Бачаць карысць у сваім паўторным удзеле 34 дзейныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, або траціна яго складу. Не варта чакаць інтрыгі і ў другой палове выбарчай кампаніі, перакананы праваабаронца.

«Улады дэкларуюць пра неабходнасць пераемнасці парламенцкай «каманды», што павінны заставацца не менш за траціну папярэдняга складу дэпутатаў, якія ўжо маюць досвед. І тое, што гэты заклік штораз паўтараецца, і гэтая ўстаноўка, якую дае адміністрацыя кіраўніка краіны, нейкім чынам цалкам супадае з вынікамі выбараў, гэта сведчыць пра тое, што парламент фармуецца ў «ручным рэжыме» і што ніякай інтрыгі, на жаль, няма», – заяўляе каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч.

Цэнтральная выбарчая камісія завершыць рэгістрацыю кандыдатаў 17 кастрычніка. Затым распачнецца перыяд перадвыбарчай агітацыі.

Галіна Абакунчык belsat.eu