Хто ідзе на прэзідэнцкія выбары


Да прэзідэнцкіх выбараў яшчэ год, але ўжо з‘яўляюцца першыя прэтэндэнты на кандыдацтва. Пазмагацца за пасаду кіраўніка Беларусі плануюць Мікалай Казлоў з Аб‘яднанай грамадзянскай партыі і Мікалай Статкевіч ад «Народнай грамады». З чым яны пойдуць на выбары, і якія карты будзе разыгрываць Аляксандр Лукашэнка?

Мікалай Статкевіч – прадстаўнік аргкамітэту па стварэнні партыі «Народная Грамада» – стане прэтэндэнтам у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі – 2020. Пасля выбараў 2010 года Статкевіч быў адным з кандыдатаў-палітвязняў, асуджаных за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту. Сваю палітычную судзімасць палітык перашкодай не лічыць:

«Гэта штучнае абгрунтаванне Лукашэнкі, які баіцца мяне на выбарах убачыць. Лукашэнка, не бойся, будзь мужчынам. Давай сустрэнемся на выбарах для пачатку», – кажа Мікола Статкевіч.

Сваю палітычную праграму ён акрэслівае каротка: «Украдзенае вернем народу». Старшыня АГП Мікалай Казлоў мае больш шырокія прапановы:

«Трэба паказаць людзям, што ёсць альтэрнатыва. АГП ідзе з салідным партфелем і праграмай: і мільён новых працоўных месцаў, і антыкарупцыйная праграма, і абарона інстытуту прыватнай уласнасці».

Але празрыстых і дэмакратычных выбараў ад уладаў не чакае і гэты кандыдат.

«У іх заўжды сцэнар адзін: агрэсіўна-рэпрэсіўны сцэнар. І не думаю, што нешта зменіцца».

У беларускіх умовах здольнасць мабілізаваць сваіх прыхільнікаў і весці кампанію ў цяжкіх умовах важнейшая за палітычную праграму, кажуць адмыслоўцы. Вось як каментуе сённяшнюю сітуацыю палітолаг Сяргей Нікалюк:

«Беларускае грамадства расколатае даволі дакладна на праціўнікаў і прыхільнікаў улады, і пераманьваць электарат з адной групы ў другую немагчыма».

Мы спыталі ў магілёўцаў, каго з ранейшых кандыдатаў, апроч Лукашэнкі, яны ўзгадаюць. Ніхто не назваў канкрэтнага прозвішча кандыдатаў-2010 і 2015:

«Жанчына была, я галасавала за жанчыну».

«Пазняк! Узгадаў, Пазняк. Ён прыкольны, з ім цікава магло б быць».

«Помню, была жанчына».

«Нікога, няма яркіх. Не даходзяць да фіналу».

«Былі там нейкія, але потым іх прыбралі кудысьці».

Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады, паабяцаўшы перамагчы карупцыю і зрабіць так, як было ў Савецкім Саюзе. Сёлета ён пачаў рыхтавацца да выбараў з заяваў пра абарону беларускай незалежнасці. Прычына ў спрэчцы з Масквой вакол нафтавага падатковага манеўра, які пазбавіць Беларусь значнай долі прыбыткаў ад перапрацоўкі нафты.

«У гэтыя два гады нас будуць вельмі моцна спрабаваць на зуб, ці годныя мы той незалежнасці, пра якую паўсюль і заўжды кажам. І нам трэба быць гатовымі адказаць на гэтае пытанне», – заявіў Лукашэнка на прыёме ў гонар Старога Новага года.

Сёння Дзмітрый Мядзведзей зноў заявіў, што Расея не абяцала кампенсацыі за гэты манеўр, а беларускім уладам варта цаніць фінансавую дапамогу з Масквы. Але наўрад ці гэты канфлікт праявіцца ў выглядзе прарасейскага кандыдата на выбарах.

«Паўплываць на беларускія выбары асобнымі дзеяннямі немагчыма. Тут трэба або ламаць усю сістэму, што Расеі абсалютна не трэба: у прынцыпе, яна атрымлівае ўсё, што пажадае», – кажа палітолаг Сяргей Нікалюк.

За 24 гады кіравання Лукашэнка ўключыў Беларусь у Еўразійскі эканамічны саюз, зрабіў гаспадарку залежнай ад расейскіх энерганосьбітаў і рынкаў збыту і моцна русіфікаваў грамадзянаў. І цяпер кажа пра абарону незалежнасці.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu