Хто апошні на тэхагляд?


Тое, пра што так доўга казалі аўтаўладальнікі ў праграмах «Белсату», нарэшце адбылося. Ад пачатку года ў Беларусі адмянілі дзяржаўную пошліну за дазвол ехаць аўтамабілем, яе адвязалі ад тэхнічнага агляду. Замест мыты будуць браць транспартавы падатак, незалежна ад таго, ездзіць машына ці стаіць у двары.

На станцыі тэхнічнага агляду сталічнае вуліцы Ціміразева – чарга. Раней тут спраўджвалі па 15-20 аўтамабіляў штодня, а цяпер – небывалы ажыятаж.

«Мы з 4 студзеня працуем, у нас кожны дзень 128, 120 машын, учора было 83», – кажа касірка станцыі тэхагляду Таццяна Кавалёва.

Найбліжэйшы запіс – на 26-га студзеня. Або стаяць у жывой чарзе. Чаму аўтаўладальнікі імкнуцца выканаць свой абавязак – спраўдзіць тэхнічны стан аўтамабіля?

«На Станцыі тэхабслугоўвання можна адрамантаваць 1 элемент аўтамабіля, а тут спраўджваюць некалькі, тармазы ў тым ліку. На СТА не адрэгулююць так, як тут спраўдзяць», – тлумачыць перавагі інжынер допуску транспартавых сродкаў да дарожнага руху Вадзім Клімко.

Але галоўная прычына – нарэшце змянілася падатковае заканадаўства, і не трэба плаціць мыта за допуск да дарожнага руху.

Вось што кажуць кіроўцы:

«Мы ўчора з жонкай прыехалі на яе машыне ў раёне трох гадзінаў. Адстаялі, да нас потым падышлі ў 4, сказалі не займаць. Вось прыехалі сёння. Гэта лепш, прайсці тэхагляд цяпер, а падатак аплаціць у канцы года па-чалавечы».

«Мне прасцей прайсці тэхагляд цяпер, а падатак потым заплаціць, чым гэта ўсё было ў адной суме».

«Калі падатак быў прывязаны да тэхагляду, то гэта былі вар’яцкія сумы».

Апошнія 6 гадоў аўтаўладальнікі мусілі штогод плаціць прыкладна па 150 рублёў таго самага мыта на допуск да руху. А штраф без тэхагляду быў ад 27 рублёў. З 1-га студзеня транспартавы падатак для фізічных асобаў мае іншы парадак лічбаў, у залежнасці ад вагі легкавіка: мінімум – 61 рубель, максімум – 223 рубель, раз на год. Спаганяць грошы будзе падатковая інспекцыя. Грузавыя аўтамабілі абыдуцца яшчэ даражэй.

«З носу па 100 баксаў. Маеш аўтамабіль – 100 баксаў заплаці. Яны зменшылі пошліну, але ахапілі большую частку насельніцтва. Пры гэтым яны ўвялі яшчэ адну рэч, магчыма, прыдумалі спецыяльна. Справа ў тым, што ў насельніцтва маса аўтамабіляў, якія не эксплуатуюцца дзясяткі гадоў», – тлумачыць аўтамабільны эксперт Фёдар Сухаў.

То бок цяпер плаціць трэба будзе і за старыя «карчы», што стаяць у агародзе, не знятыя з рэгістрацыі – да 91-га года выпуску.

«З аднаго боку гэта прымусіць насельніцтва пазбаўляцца ад гэтага аўтахламу, якога ў нас сапраўды вельмі шмат. І калі казалі, што шмат аўтамабіляў не праходзяць тэхагляд, то частка гэтых аўтамабіляў зусім нежыццяздольныя. Яны памерлі, гэта хлам», – кажа эксперт.

Аднак Фёдар Сухаў падкрэслівае, што з іншага боку могуць узнікнуць хаос і непаразуменні з тымі аўтаўладальнікамі, якія ў свой час прадавалі аўтамабіль праз генеральную даверанасць, і пакуль няясна, хто і як будзе плаціць.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu