Хто абараняе беларускіх жывёлаў?


Штогод 4 кастрычніка свет адзначае Дзень абароны жывёлаў. У Беларусі ж да сённяшняга дня не прыняты закон аб абыходжанні з нашымі чацвяраногімі суседзямі па краіне. Фактычна, у нас жывёлы не абароненыя – што хатнія, што бяздомныя, лічаць эксперты. Дзяржава не зацікаўленая. Усё трымаецца на валанцёрах.

Прайсці міма ці патраціць час і сродкі, каб выратаваць ад небяспекі вулічнага жыцця? Для герояў нашага матэрыялу такое пытанне не стаіць. Не зважаючы на ўласныя невыгоды, яны дапамагаюць бадзяжным жывёлінам знайсці дом.

Мастачка з Бабруйску Ася Чарапкова з дзяцінства ў інвалідным вазку. Але гэта не замінае ёй весці актыўнае жыццё і дбаць пра слабейшых. Дзяўчына забірае дадому нават самых знясіленых ды безнадзейных жывёлінаў, лечыць іх і шукае ім новую сям’ю.

«Я гартала паблікі ўсялякія па ратаванні жывёлінаў, і ўбачыла, што ва «усыпалцы» – гэта ў нас мясцовае «Спецаўтапрадпрыемства» – сядзіць аўчарка, з пухлінай, як нам сказалі. А з пухлінай нават валанцёры не вельмі-та ахвотна бяруць, таму што гэта вялізныя фінансы трэба ўкладаць, каб выразаць пухліну, каб сабаку рэабілітаваць», – распавядае Ася Чарапкова.

Каб зарабіць на нятаннае лячэнне і ўтрыманне жывёлаў, дзяўчына прадае свае карціны. На ўтрыманне аднаго гадаванца ідзе ад 100 да нават тысячы рублёў на месяц.

«Насамрэч на жывёлаў часам патрэбна больш грошаў, чым на дзяцей. А як ты можаш прайсці міма, калі нехта патрабуе дапамогі? У гэтым самая галоўная цяжкасць», – кажа валанцёрка.

Дзяўчына ўцягнула ў валанцёрства і свайго мужа. Ён выгульвае сабак, купае чарапашак, робіць уколы хворым коткам, дапамагае загаіць крылы вароне і граку.

«Наста ўратавала гэтых чарапашак з кантактнага заапарку, – распавядае муж Асі. – Яны там трымаліся ў жахлівых умовах, без ультрафіялетавай лямпы, без падагрэву, для іх гэта ўсё роўна, што калі б вас кінуць на паўночны полюс без адзення. Купаць іх трэба штодзень, прыкладна цягам гадзіны».

Ася аформіла ў сваёй кватэры афіцыйную ператрымку для жывёлінаў. У Бабруйску працуюць таксама тры прыватныя прытулкі. Дзяржаўных няма. Камунальныя службы займаюцца толькі адловам і ўсыпленнем сабак. Прыватныя ж прытулкі трымаюцца толькі дзякуючы ахвяраванням добразычліўцаў.

«Прытулкаў не хапае. Сёння былі званкі з Асіповічаў, мне тэлефануюць з Магілёва, са Жлобіна – дапамажыце, – кажа дырэктарка бабруйскага прытулку для жывёлаў «Дабрадзейнасць» Ірына Кавалерава. – Пра што гэта кажа? Гэта кажа пра тое, што ў гэтых населеных пунктах няма не тое што прытулкаў, а нават зоаабаронцаў».

Дырэктарка прытулку «Дабрадзейнасць», які за гэты год уратаваў ужо 900 сабак і котак, перакананая, што ў Беларусі на заканадаўчым узроўні трэба сур’ёзна змяняць усё, што датычыць абароны жывёлінаў. У прыватнасці, увесці чыпаванне і адказнасць за выкіданне гадаванца на вуліцу.

«Бегаюць сабакі, праверылі чыпаванне, знайшлі гаспадара, пакаралі гаспадара», – кажа Ірына Кавалерава.

І Ася з мужам, і дырэктарка «Дабрадзейнасці» будуць ратаваць жывёлінаў, пакуль хопіць сіл і сродкаў. Неабыякавых людзей яны просяць аб дапамозе – заўсёды патрэбны корм, грошы на лячэнне. Акрамя валанцёры заклікаюць адказна ставіцца да сваіх гадаванцаў і памятаць, што яны – не цацка, з якой можна пагуляцца ды выкінуць.

Марына Маўчанава belsat.eu