Маскі ды гелі для рук пачалі масава разбіраць яшчэ за некалькі тыдняў да першага выпадку захворвання на каронавірус у Беларусі. Але цяпер, калі айчынная фабрыка «Славянка» у чатыры разы павялічыла вытворчасць марлевых павязак, – можа, сітуацыя пачала выпраўляцца?
Каб спраўдзіць гэта, мы прыйшлі ў адну са сталічных аптэк.
«Добры дзень, скажыце, ці ёсць у вас маскі і гелі для рук?» – «Так ёсць, усё ў наяўнасці». – «Што рабіць, калі людзі не могуць знайсці гель для рук, чым іх можна замяніць?» – «У нас ёсць сурвэткі спіртавыя ў наяўнасці і спіртавыя растворы, сіптацыд у розных абʼёмах».
Між іншым у сетцы аптэк «Фармацыя» нам параілі маскі і сродкі дэзынфекцыі шукаць у буйных аптэках – у меншыя тавар трапляе не адразу. Пра тое, ці лёгка знайсці маскі і гелі нам распавялі жыхары Менску:
«Я магу сказаць, што ў цэнтры завезлі маскі, але калі я глядзела на краях гораду, там амаль нідзе няма гэтых масак».
«Я не думаю, што гэта неабходна».
«У мяне муж прыхварэў трошкі, баюся. А так я шмат не купляю. Вось тры штукі купіла».
Сусветная арганізацыя здароўя заклікае не паддавацца паніцы ды не набываць марлевых павязак і масак. Абароны ад вірусу яны даюць няшмат і патрэбныя перадусім дактарам ды захварэлым. Паводле ж айчыннага Міністэрства аховы здароўя, цяпер у Беларусі зафіксаваныя тры выпадкі заражэння каронавірусам. Адна з хворых – жыхарка Віцебску, якая працуе ў кампаніі «Марка». Калегі жанчыны паведамілі пра сітуацыю на працы:
«Я працую ў сталовай, працуем у пальчатках».
«Нічога не змянілася». – «Фізрастворы» раздавалі?» – «Не, нічога».
«Працуем у тым жа рытме, усё добра ў нас».
«Збіраюць сходы, усё апавядаецца нам».
Сёння ў Віцебску вучняў чатырох класаў з трох школаў перавялі на хатняе навучанне. Камусьці практыкаванні дасылаюць праз пошту, камусьці праз мэсэнджары. Прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Беларусі Ілона Барадун пацвердзіла, што каранцін увялі праз выяўлены вірус у працаўніцы «Марка». Эпідэміёлаг Аліна Волчанка раіць здаваць аналіз на каронавірус толькі ў некаторых выпадках:
«Сімптомы такія ж, як і пры звычайных ВРІ: тэмпература, галаўны боль, цяжкасці пры дыханні, ламота ў цягліцах і суставах. І калі ёсць такія сімптомы – так, сапраўды, варта звярнуцца да доктара. І калі ў вас ёсць у кантакце ці вы прыехалі з краінаў нядобрых у плане каронавіруса, то пра гэта трэба паведаміць».
Акурат жанчына з Віцебску вярнулася ў Беларусь з Італіі. Нагадваем: каб не заразіцца ды не заразіць іншых, акуратна і рэгулярна мыйце рукі з мылам, ветрыце памяшканні, не дакранайцеся бруднымі рукамі твару, карыстайцеся дэзынфектарамі на спіртавой аснове, пазбягайце кантакту з хворымі ды… узмацняйце імунітэт.
Дзіяна Раткевіч, «Белсат»