Хроніка рэпрэсіяў супраць назіральнікаў і ўдзельнікаў выбараў


Пасля невялікай адлігі – новыя рэпрэсіі. З кожным новым днём датэрміновага галасавання зʼяўляецца ўсё больш адміністратыўных і крымінальных справаў супраць назіральнікаў, журналістаў і ўдзельнікаў выбараў.

Кіраўніцу выбарчага штабу Святланы Ціханоўскай міліцыянты падпільнавалі на выхадзе з літоўскай амбасады, дзе Марыя Мароз падавала дакументы на візу. Яе разам з сынам на міліцэйскай машыне завезлі ў аддзяленне. Але не затрымалі.

«Прыехалі мы ў аддзел барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і экстрэмізмам. Дзіцё засталося на калідоры, а я прайшла з імі ў кабінет. Яны папярэдзілі мяне аб адказнасці за арганізацыю масавых беспарадкаў. Далі падпісаць паперу, што я папярэджаная», – распавяла Марыя Мароз «Белсату».

У крымінальнай справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў у Следчы камітэт выклікалі і нашага калегу, журналіста Арцёма Ляву, якога затрымалі 14 ліпеня ў Менску падчас разгону акцыі пратэсту. Выклікалі, каб апытаць.

«Наколькі я разумею, рэальная мэта – запалохаць людзей, грамадзянскую супольнасць. Як я даведаўся, выклікаюць цяпер вялікую колькасць людзей, затрыманых 14 ліпеня», – кажа журналіст-фрылансер.

Адміністратыўна затрыманыя не менш за 14 акрэдытаваных назіральнікаў ініцыятывы «Сумленныя людзі». У Следчым ізалятары КДБ цяпер знаходзіцца Ілля Шапаткоўскі, адзін са стваральнікаў платформы «Голас», створанай для справядлівага падліку галасоў. Шапаткоўскага спынілі інспектары ДАІ, і пасля затрымання завезлі на вобшук. Ператрус зладзілі і ў назіральніка Ленінскага раёну Бабруйску Эдуарда Грынявецкага, затрыманага проста на ўчастку пасля просьбы паглядзець пратакол галасавання.

«Як бы ён пагражаў старшыні ўчастку, і сказаў, што пасля выбараў мы будзем жыць у новай краіне», – кажа дзядзька Эдуарда Юрый Грынявецкі.

Да Грынявецкага прыйшлі працаўнікі крымінальнага вышуку. У межах справы аб закліках да масавых беспарадкаў яны забралі ноўтбук і планшэт, не пакінуўшы нават пратаколу аб канфіскацыі.

«Яны кажуць: нават калі вы нас не пусціце, мы ўскрыем дзверы і ўвойдзем з панятымі, усё зробім, як нам трэба», – апісвае дзеянні міліцыянтаў сястра Эдуарда Святлана Шамшур.

У бабруйскім ізалятары трымаюць таксама назіральніка Уладзіміра Міхалапа ды Іллю Уласава. У Магілёве каля будынку суда затрымалі журналіста і праваабаронцу Алеся Буракова-малодшага. Напярэдадні затрымалі ягонага дзядзьку, журналіста Алеся Буракова-старэйшага, спачатку для высвятлення розных недарэчных абставінаў, а потым здзейснілі правакацыю проста на выхадзе з аддзелу міліцыі.

«Нейкая невядомая жанчына кінулася яму пад ногі, пачала лямантаваць, нібыта ён яе збіў, піхнуў… Адразу выбеглі працаўнікі міліцыі і завялі яго назад у РАУС», – тлумачыць магілёўскі праваабаронца Аляксей Колчын.

Таксама ў Магілёве затрыманыя журналіст Уладзімір Лапцэвіч, назіральнікі Аляксандр Хамратаў і Андрэй Застрэлаў. У рэгіёнах затрымлівалі ўдзельнікаў выбарчай кампаніі Святланы Ціханоўскай – Дзмітрыя Ціта ў Горадні і Андрэя Хільчыка ў Гомлі. У Віцебску міліцыя дапамагла выдаліць з выбарчага ўчастку Чыгуначнага раёну назіральніцу Таццяну Стрыжнёву.

«Мяне бессаромна і нахабна выгналі з участку нумар № 20. І гэта ўжо другі раз, учора было тое самае. Дырэктар школы матывуе тым, што ў нас цяжкая эпідэмічная сітуацыя», – абураецца Таццяна.

Сёння дырэктарка спалохалася, што ў назіральніцы ў торбе можа быць бомба або ртуць, і выклікала міліцыю. Але каментаваць здарэнне адмовілася.

«Я нічога не буду казаць. Вы мяне з не самага лепшага ракурсу здымаеце», – так дырэктар Віцебскай СШ № 8 Алена Каралёва адмаўлялася размаўляць з журналістамі.

Гэта не ўсе затрыманні і перашкоды, што чыняць удзельнікам і назіральнікам за выбарамі, якія адбыліся за сёння. Агулам жа, як падлічыў праваабарончы цэнтр «Вясна», ад пачатку выбарчай кампаніі ў Беларусі адбылося больш за 1300 затрыманняў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»