Хроніка палітычных рэпрэсіяў

Сёння суд Першамайскага раёну Менску пачаў разгляд крымінальнай справы супраць паштальёнкі Ларысы Танкашкур, ёй 56 гадоў. Жанчыну вінавацяць у перадачы асабістых звестак на 35 сілавікоў аднаму з тэлеграм-каналаў, які выступае супраць міліцэйскага садызму.

Паўтара года калоніі агульнага рэжыму для Дзяніса Кірэшчанкі і 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму для Уладзіміра Гароха. Суддзя Наваградскага раёну Васіль Аляхновіч вынес прысуд у гучных справах палітычных вязняў. Іх абвінавацілі ў закліках да ўзброенага супраціву падчас сустрэчаў з выбарнікамі. Абвінавацілі Уладзіміра Гароха і ў публічнай абразе Аляксандра Лукашэнкі праз «Вайбэр». Мужчыны вінаватымі сябе не прызнавалі.

Суд Ленінскага раёну Менску пачаў разглядаць справу 20-цігадовага Віктара Акцістава. 10-га жніўня падчас затрымання ён спрабаваў адбіцца. Тады сілавікі моцна збілі маладзёна, адвезлі ў Жодзіна, а потым нечакана выпусцілі. Але пазней ізноў затрымалі. Яго вінавацяць у ґвалце над міліцыянтам. Пракурор запрасіў Віктару два з паловаю гады калоніі агульнага рэжыму.

Падтрымаць маладзёна прыйшлі нават ягоныя выкладчыкі. «Віктар не агрэсіўны, ён думае, не паддаецца эмоцыям. Каб нешта выказаць, нейкую думку, ён спачатку будзе думаць», – адзначае адна з выкладчыцаў.

Студэнту-медыку Аляксандру Ткачову суддзя Чыгуначнага суда Віцебску Алена Цыганкова прызначыла 5 содняў арышту. За краты маладзёна забралі адразу з залы суда. Яго прызналі ўдзельнікам несанкцыянаванага пікету падчас запісу відэазвароту супраць ґвалту і за новыя выбары. Яшчэ дзвюх удзельніц звароту – Яніну Вакар і Юлію Хомчанку – суд пакараў штрафам 108 і 135 рублёў, адпаведна.

«Я так не думаю, што гэта пікет. Гэта асабістае выказванне свайго меркавання. 5 базавых за гэта даваць і судзіць за гэта, я лічу, няправільна. Людзі павінны выказваць сваэю пазіцыю. Гэта не павінна быць забаронена», – упэўнена Юлія Хомчанка.

Сёння беларускія суды разгледзелі 17 адміністратыўных і 7 крымінальных справаў. За кратамі застаюцца 169 палітычных вязняў. Сярод іх – нашыя калегі: журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова ды журналістка «Тут.бай» Кацярына Барысевіч.

Ігар Станкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама