Хроніка каронавіруса


У Злучаных Штатах Амерыкі за апошнія содні каронавірус выявілі больш як у 9 тысячаў чалавек. Усяго ў ЗША заражаныя больш за 33,5 тысячы жыхароў. Эпіцэнтрам стаў штат Нью-Ёрк, там зарэгістравалі амаль палову з усіх выпадкаў захваральнасці ў краіне.

Мэр Нью-Ёрку Біл Дэ Блэзьёў назваў выбух хваробы найбуйнейшым унутраным крызісам з часу Вялікай дэпрэсіі:

«І жыхары Нью-Ёрку, і ўсе амерыканцы заслугоўваюць ведання суворай праўды. Сітуацыя толькі пагаршаецца, так што ў красавіку і траўні будзе значна цяжэй».

У Расеі кажуць пра агулам больш за 400 афіцыйна зарэгістраваных выпадкаў COVID-19. Усе сённяшнія новыя заражэнні – 71 выпадак – выяўленыя ў Маскве. Мэр расейскай сталіцы Сяргей Сабянін абавязаў старэйшых за 65 гадоў масквічоў і людзей з хранічнымі хваробамі выконваць хатні рэжым да 14 красавіка:

«Выключэнне толькі для кіраўнікоў і супрацоўнікаў, чыё знаходжанне на працы жыццёва неабходнае для функцыянавання прадпрыемства, арганізацыі, установы, органаў дзяржаўнай улады. І, вядома, таксама для работнікаў аховы здароўя, яны павінны заставацца на сваім пасту».

У нашай краіне кажуць пра 81 выпадак каронавіруса. Самаму маленькаму пацыенту – усяго тры гады.

«Сітуацыя ў нас цалкам пад кантролем. Падставаў для панікі ніякай няма. 22 чалавекі ў нас маюць адмоўныя тэсты, завяршылі або завяршаюць лячэнне ў нашых установах, 59 чалавек застаюцца пад медычным наглядам», – паведаміла намесніца міністра аховы здароўя Беларусі Алена Богдан.

У той час як у свеце больш за мільярд чалавек атрымалі ад уладаў настойлівую просьбу застацца дома, а дзясяткі краінаў забаранілі жыхарам выходзіць на вуліцу, каб спыніць пандэмію, у Беларусі на каранцін адправілі… грошы. Банкі рэкамендуюць беларусам скараціць выкарыстанне наяўных на карысць картак і дыстанцыйнай аплаты.

«Уся грашовая наяўнасць, якая паступае ў Нацыянальны банк, першапачаткова змяшчаецца на 14-дзённы каранцін», – распавялі FINANCE.TUT.BY у Нацыянальным Банку Беларусі.

Праз пандэмію Канада і Аўстралія адмовіліся ад удзелу ў сёлетняй Алімпіядзе ў Токіа. Нацыянальныя алімпійскія камітэты гэтых краінаў ўпэўненыя, што гульні трэба перанесці на наступны год.

«Алімпійская зборная Аўстраліі не можа быць сабраная ў зменлівых акалічнасцях – як у краіне, так і за мяжою. Мы мусім улічваць не толькі нашых спартоўцаў і афіцыйных асобаў, але і іхныя сем’і», – сказаў старшыня Алімпійскага камітэту Аўстраліі Мэт Кэрал.

Стрымаць другі паводле маштабнасці ў Еўропе пасля Італіі агмень каронавіруса спрабуе Іспанія: 33 тысячы выпадкаў заражэння.

Оперны спявак Плясіда Дамінга на старонцы ў «Фэйсбуку» паведаміў, што заразіўся каронавірусам. Цяпер ён з сямʼёй – у самаізаляцыі.

«Я заклікаю ўсіх быць вельмі асцярожнымі, выконваць асноўныя нормы гігіены, часцей мыць рукі, не набліжацца да людзей бліжэй як на два метры, зрабіць усё, каб перашкодзіць распаўсюджванню віруса, па магчымасці заставацца ўдома», – напісаў Плясіда Дамінга.

Колькасць захварэлых на COVID-19 ува ўсім свеце перакрочыла лічбу 350 тысячаў. З іх больш за 15 тысячаў памерлі. Таксама расце колькасць вылекаваных асобаў. Па ўсім свеце больш за 100 тысячаў чалавек падужалі інфекцыю.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Фота: Lorenzo Carnero / Zuma Press / Forum