Аб'ектыў 27.06.2019 Хойнікі і Глыбокае – без пітной вады!


Ні вада, а нібыта кава! Відэа, дзе бачна, што цячэ з кранаў у Хойніках, «Белсату» даслалі гледачы. Людзі ўжо другі тыдзень не могуць ні памыцца, ні прыгатаваць ежу. Руды колер вады камунальныя службы нам патлумачылі прамываннем сетак водазабеспячэння.

Наталля Назарэнка, жыллёвае ўнітарнае прадпрыемства «Хойніцкі камунальнік»:

«Трэба проста пацярпець крыху. Ажыццяўляюцца рамонтныя працы, прамыўка ідзе. Штодзённа, гэта ў абавязковым парадку ўсё робіцца нашай службай камунальнай». – «А гэта нейкія планавыя працы?» – «Не магу адказаць. Нібыта быў парыў».

Дакладных тэрмінаў, калі сітуацыя нармалізуецца, камунальнікі не называюць.

Пацярпець раяць і жыхарам Глыбокага на Віцебшчыне. Вада там хаця і празрыстая на першы погляд, аднак гэтаксама – непрыдатная для піцця. Праблему зазналі жыхары мікрараёну Паўночны ў Глыбокім. Калі водаправодная вада сцякае, пасля яе застаецца чорны асадак.

«Дзіця памыць нават магчымасці няма, таму што чорная вада. Не паспяваеш ні ванны мыць, ні ўнітаза. Усё чорнае-чорнае».

«Пасля дзявятай раніцы ідзе вада, яна чорнага колеру, і ў ёй часцінкі, падобныя да смалы. І пах у яе – нібыта гэта нейкі бензін. Не ведаю, нейкай хіміяй».

«Я памыць не магу. Вады пітной набраць не магу, ніякія фільтры не спраўляюцца з такой праблемай», – абураюцца жыхары мікрараёну Паўночны.

Фільтры ў кватэрах даводзіцца мяняць штонядзелю, прызнаюцца мясцовыя. І калі для харчавання пітную ваду набываюць у крамах, то на хатнія справы яе не набярэшся.

Алена Дабравольская, жыхарка мікрараёну Паўночны:

«Белыя вязаныя рэчы, толькі звязалі, трэба аднавіць. Набралі ваду праць – вада нармальная, як паласкаць паклала рэчы – яны ўсе чорныя, у плямах».

У «Докшыцкім водаканале», да якога належыць Глыбокае, праблему тлумачаць асаблівасцямі надвор’я. Падчас засухі мясцовыя актыўна паліваюць агароды, і пры такім расходзе водаканал працуе на мяжы: помпам бракуе магутнасці на новыя мікрараёны.

«Пры вялікай плыні вады адбываецца адрыванне ўсіх часцінак. То бок і жалеза, і ўсяго. Мы не можам паўплываць», – тлумачыць Уладзімір Гойгель, галоўны інжынер на «Докшыцыводаканал».

Развязваць праблему плануюць новаю свідравінаю. Праект ужо ўзгаднілі, будоўлю ж трэба чакаць. А пакуль мясцовым раяць ашчаджаць на паліванні ўдзень і чакаць, пакуль спадзе спёка.

Юлія Лабанава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары