Ходнік і паркоўку не прадугледзелі – вынік савецкага будаўніцтва ў Магілёве


«Подзвіг народу бессмяротны» – гэтымі словамі адзначаныя тры дамы побач з мемарыяльным комплексам па праспекце Шміта ў Магілёве. Людзі ў іх жывуць не толькі з савецкім лозунгам на даху, але і з савецкай інфраструктурай у дварах.

«Звярніце ўвагу, у нас няма ў двары ходніку для пешаходаў, і мы вымушаныя хадзіць або па бардзюрах, або па разбітай дарозе», – кажа жыхар дому №10 Андрэй Данілаў.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Ходнікі ў дварах 10-га, 12-га і 14-га дамоў на праспекце Шміта проста не прадугледжаныя праектам. Адзінае, што ёсць, – вельмі вузкі дваровы праезд, які за 50 гадоў эксплуатацыі прыйшоў у заняпад. Мясцовыя жыхары сведчаць:

«Пастаянна вось гэтыя ямы. Колькі ні звярталіся, проста крыўдна, проста крыўдна, таму што ніхто не прыслухоўваюцца, усе адмахваюцца».

«Дождж ямкі запоўніць вадой, нагу ўсадзіш у ваду ў гэтую. Вось так і жывём, ніхто на нас увагі не звяртае».

«Вось гэта мы па лужынах ходзім увесь час. Вось цяпер трэба ліквідаваць гэта, мне здаецца. Пара б, як дэпутату, як усім новым думаць пра людзей трошкі».

Не прадугледзелі савецкія праектанты і масавай аўтамабілізацыі. Дарожны праезд настолькі вузкі, што не дазваляе ні размінуцца двум аўтам, ні стаць без парушэнняў.

«Праблемы з месцамі – няма дзе паставіць машыну. А таксама праблема з жыхарамі, якія супраць, што ставяць машыны на зялёнай зоне. Таму выхад не ведаю які. Пашыраць паркоўку як мінімум трэба», – кажа аўтааматар з дому № 10.

Жыхары трох дамоў звярталіся і асабіста, і калектыўна ў гарвыканкам і камітэт дзяржаўнага кантролю. Адказ людзям агучылі на агульным сходзе, пра што распавяла прысутная там Галіна Найман:

«Праводзіла ЖЭУ сход, усё нам патлумачылі, г.зн. правялі сход, мы лічым, проста так, каб растлумачыць: «Выбачайце, можаце не пісаць далей, нічога гэтага не будзе».

У адказнай арганізацыі ЖЭУ-4 тлумачаць, што развязаць праблему жыхароў і пашырыць дваровы праезд магчыма толькі ў межах капітальнага рамонту. Начальніца ЖЭУ-4 Валянціна Еўдакімава так пракаментавала сітуацыю:

«На 2019 г. дадзеная дваровая тэрыторыя не знаходзілася ў плане капітальнага рамонту. А да 2020-га, вы ж ведаеце, што спіс, тытульны спіс фармуецца кіраўніцтвам камунальных прадпрыемстваў. Як ён будзе сфармаваны, гэта яшчэ будзе вядома да канца года».

Жыхары дамоў ля мемарыяльнага комплексу спадзяюцца, што іхныя ўмовы жыцця ўсё ж прыблізяць да рэаліяў 21 стагоддзя. Людзі, са свайго боку, ужо зрабілі ўсё, што маглі. Цяпер – чарга за камунальнікамі.

Вольга Васільева belsat.eu