Аб'ектыў 27.09.2017 «Хочам, каб лес пакінулі ў спакоі». Жыхары Бараўлянаў працягваюць пратэст супраць выразання дрэваў


Мы не супраць развіцця лакальнай інфраструктуры, кажуць яны пры гэтым. Але кансэнсусу з мясцовымі ўладамі няма.

Жыхары Бараўлянаў пратэстуюць супраць ушчыльнення і выразання лесу побач з паселішчам. Сябры ініцыятыўнай групы «За захаванне Бараўлянаў» вінавацяць чыноўнікаў у хлусні, запужванні і маніпуляцыі грамадскай думкай.

Праектавальнікі, прадстаўнікі ўладаў і медыяў мелі сустрэцца, каб абмеркаваць далейшае развіццё менскага прадмесця Бараўляны, але ў выніку бакі толькі чарговы раз пераказалі сваю пазіцыю журналістам. Каменем спатыкнення стаўся праект будоўлі школы і дзіцячага садка на месцы бараўлянскага лесу.

«Мы выступаем за сацыяльныя аб’екты, але мы не хочам, каб сацыяльныя аб’екты, якія можна змясціць на полі ў 100 метрах ад лесу, не былі пабудаваныя на месцы лесу. Мы хочам, каб лес пакінулі ў спакоі», – кажа мясцовы жыхар Уладзімір Міцін.

Апаненты сябраў ініцыятыўнае групы, якія выступаюць за захаванне Бараўлянаў, кажуць наўпрост: а чаму ўласна не пабудаваць дзіцячы садок у лесе?

«Я разумею, што людзі звыкліся жыць статычна і не мяняць нічога ў жыцці. Гэта іх лес цяпер стаў, але мае выбарнікі не могуць дзяцей аддаць у садкі і выйсці своечасова на працу. І чаму кепска пабудаваць садок у лесе, гэта ж як санаторый, чыстае паветра», – кажа Таццяна Несцяровіч, дэпутатка Бараўлянскага сельскага савету.

Дзе была гэтая дэпутатка на пачатку лета, калі ўся канфліктная сітуацыя ў Бараўлянах пачала набіраць абароты, рытарычна запытваюць мясцовыя жыхары. І дадаюць, што Таццяну Несцяровіч бачаць упершыню.

Але будоўляю школы і садка праблемы Бараўлянаў не абмяжоўваюцца. Мясцовыя ўлады падрыхтавалі праект, паводле якога бліжэйшым часам у паселішчы пабудуюць жытло для 10-ці тысячаў новых жыхароў. Тыя, хто цяпер жыве ў Бараўлянах, катэгарычна супраць планаў ушчыльнення.

Калі і казаць пра далейшую будову жылых дамоў, то толькі для тых, хто тут працуе ў медычных установах і патрабуе паляпшэння жыллёвых умоваў. Другое, што выклікае нашае недаўменне, навошта вырубаць лес пад будаўніцтва школы і садка, чаму школу і садок не пабудаваць у полі, якое месціцца побач.

Сябры ініцыятыўнае групы за захаванне Бараўлянаў сабралі больш за 5 тысяч подпісаў і кажуць, што рэпрэзентуюць меркаванне 80-ці адсоткаў дарослага насельніцтва паселішча. Яны выступаюць за карэктаванне генеральнага плану забудовы Бараўлянаў. На пачатку кастрычніка тут абяцаюць правесці масавыя акцыі супраць высячэння лесу і будаўнічай палітыкі ўладаў.

Папярэднія акцыі пратэсту, якія былі ўлетку, і спроба паставіць намётавае мястэчка скончыліся сувораю рэакцыяй з боку міліцыі.

Аркадзь Несцярэнка; фота вокладкі – Ваcіль Малчанаў

Глядзі таксама
Каментары