«Хімія» за не вядома кім парваную куртку і суд за скандынаўскую хаду


Ані дня без палітычных судоў. Два гады «хатняй хіміі» прысудзілі берасцейцы за парваную куртку міліцыянта. За бел-чырвона-белыя шторы мянчук трапіць за краты на 10 дзён. Тым часам суд над фігурантамі «справы Ціханоўскага» перанеслі: ніхто са сведак не памятае падвіноўных. А ў Віцебску суддзя папрасіла прабачэння ў жанчын, якіх затрымалі ў лесе падчас скандынаўскай хады. Не менш уражваюць і іншыя судовыя гісторыі.

Дапамагаюць рэпрэсаваным жыхарам Лідчыны ці то з транспартам, ці то харчамі і падтрымліваюць маральна. Грамадзянская актыўнасць Наталлі і Казіміра Шарлан не засталася без увагі дзяржавы. Па Наталлю прыходзілі міліцыянты. Ейны муж Казімір кажа:

«Я адказваю, што калі ласка, пакажыце позву. Тыя кажуць, што яны адно паразмаўляюць. Я адказваю – не, трэба позва. І тады яны сказалі, што калі не буду адчыняць – узломяць дзверы. Мяне напалохала гэта і збянтэжыла, бо ў гэты час яны могуць гэта зрабіць, і ім нічога за гэта не будзе, так гэта ёсць».

Наталля Мікалаеўна мае інваліднасць другой групы, што само па сабе як алібі ў справе, паводле якой жанчыну зрабілі падазраванай і правялі ператрус у кватэры.

«Тое, што інкрымінуюць, не магла прысніць і ў страшным сне – дыверсія на чыгунцы. У мяне было такое ўражанне, што проста вырашылі ўсіх актыўных людзей выклікаць і зрабіць зрабіць нейкія вобшукі на гэтай падставе».

Быццам бы нехта 29-га снежня заблакаваў рэйкавыя шляхі чыгуначнай дарогі жалезабетоннымі слупамі…Неімаверная сіла была б патрэбная яшчэ адной жанчыне – Дар‘і Паляковай з Берасцейшчыны, якая сёння рабіла фота на памяць, перад магчымым зняволеннем на тэрмін да шасці гадоў «за гвалт супраць міліцыянта! – маўляў, парвала куртку на рукаве супрацоўніка. Для самотнай маці пракурор прасіў і суд прыслухаўся – вырак два гады хатняй хіміі і грашовую кампенсацыю для «пакрыўджанага».

Дар’я ледзь не плача: «Не ведаю як гэта будзе. З працаю і з дзецьмі. Усё залежыць ад таго, які назначаць мне графік, бо дзяцей на кружкі трэба вадзіць».

Праваабаронца з Берасця Уладзімір Вялічкін кажа, што гэта быў палітычны суд:

«Камусьці вельмі трэба было не проста паздзекавацца з гэтае жанчыны, а злякаць насельніцтва, што ў гэтай краіне можна заўжды ні за што за краты загрымець. Каб не выходзілі і не звярталіся да супрацоўнікаў нейкіх органаў «праваахоўных» і не замінаць ім існаваць у гэтай краіне».

Абаронца Дарʼі меркаваў, што суд абмяжуецца штрафам.

Толькі ў вынятковых выпадках з прыхільнікаў перамен здымалі падазрэнні. Напрыклад, праз недаказанасць суд Першамайскага раёну Віцебску спыніў пераслед Таццяны Севярынец і Алены Касновай, затрыманых у ліку шасці жанчын пад час заняткаў скандынаўскаю хадою ў лесе.

«Адкуль у іх такая ўпэўненасць у тым, што Севярынец нешта замышляе! Дайце вы спакойна жыць Севярынец, бо праблемаў – вышэй за галаву. Севярынец хоча дачакацца перамогі, таму занялася ўплатную сваім здароўем», – іранізуе спадарыня Таццяна.

Затрыманне і содні ў СІЗА здароўя жанчынам не дадалі. Яны будуць патрабаваць ад дзяржавы кампенсацыі. А колькі гэты суд каштаваў падаткаплатнікам – задаецца пытаннем праваабаронца Павел Левінаў:

«Гэта дзяржаўныя грошы. Гэта дзень, скрадзены ў сведкаў, якія маглі нешта зрабіць на карысць радзімы. Гэта праца той жа суддзі, сакратара. Задзейнічаныя спецыялісты па ўключэнні ўсіх інтэрнэт-сістэмаў для апытання сведкаў, якія не зʼявіліся».

Павел Левінаў – нярэдка прысутнічае на белымі ніткамі не шытых, як кажа, судах. А вось ягоны калега з Гомлі – старшыня тамтэйшай філіі цэнтру «Вясна» Леанід Судаленка сам аказаўся за кратамі 18-га студзеня. Сёння затрымалі і ягоную валанцёрку Марыю Тарасаву.

Праваабаронца з Гомлі Васіль Палякоў, распавядае пра працу ў новым фармаце:

«Праваабаронцы, безумоўна, дапамагаюць скласці скаргі, вырашыць нейкія праблемы, але на сённяшні дзень, атрымліваецца, што пра гэта нават не заўсёды можна адкрыта казаць».

Асабліва калі праца датычыць дапамогі з аплатаю штрафаў палітычна асуджаным ці звольненым, якіх абараняў Леанід Судаленка. Яму інкрымінуюць арт. 342 ч.2 КК РБ – «фінансаванне масавых беспарадкаў».

Юлія Цяльпук, «Белсат»