«Хімія» і турма за надпіс «Не забудзем»


Паўтара года абмежавання волі, гэтак званай хатняй хіміі: такое пакаранне за надпіс «Не забудзем» на ходніку ля станцыі метро «Пушкінская» суддзя Юлія Блізнюк прызначыла 25-цігадовай Марыі Бабовіч. Яе вызвалілі ў зале суда Фрунзенскага раёну сталіцы.

«Год і шэсць месяцаў – гэта, я думаю, не тое пакаранне. Але хоць хатняя «хімія», а не пазбаўленне волі», – кажа Марыя.

Пакаранне Марыі Бабовіч – самае мяккае ў дзвюх сённяшніх справах за надпісы ля мемарыялу Тарайкоўскаму. 26-цігадовага Максіма Паўлюшчыка, якога судзілі разам з Марыяй, пакаралі двума гадамі калоніі агульнага рэжыму.

«Ён апынуўся ў непатрэбным месцы ў непатрэбны час. Але ўсё адно за яго крыўдна, канечне», – кажа Марыя Бабовіч.

Там жа, у судзе Фрунзенскага раёну, Юлія Крэпская абвесціла вырак у другой справе: Уладзіслава Гуліса асудзілі два гады пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму, Дзяніса Граханава ды Ігара Самусенку – на паўтара года «хіміі», абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. На абскарджанне прысуду фігуранты дзвюх справаў, якіх ужо прызналі палітычнымі зняволенымі, маюць дзесяць дзён.

«Дзе гэта бачана, каб за бяскрыўдны надпіс на бруку садзілі ў у турму. Высяленне – гэтае мне абсалютна не цікава, я хачу працаваць тут, у мяне ёсць праца, якую я люблю. Таму хачу абскардзіць», – кажа Дзяніс Граханаў.

Усіх пяцярых фігурантаў дзвюх справаў вінавацілі ў хуліганстве і наўмысным пашкоджанні маёмасці ў буйным памеры. Такім чынам за напіс «Не забудзем» асуджаныя пяць асобаў, а па забойстве Аляксандра Тарайкоўскага нават не распачалі крымінальнай справы.

«Тут зразумела, што ўсё перадузята. Суд быў проста паказальным. Надпісы рабілі сотні людзей у розных месцах. А гэтыя два суды, што адбываюцца сёння, – гэта проста паказуха, спроба запалохаць», – лічыць былая калега Дзяніса Граханава Вольга Скорык.

Не абышлося сёння і без суда над белсатаўцамі: 15 содняў арышту прызначылі ў судзе Савецкага раёну сталіцы аператару Івану Куракевічу за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Яго затрымалі ўчора падчас здымкаў маршу пенсіянераў разам з журналісткаю Любоўю Лунёвай, якую з Акрэсціна забрала хуткая.

«Прызанчана пакаренне максімальнае, 15 содняў, пры тым што віна на наш погляд не даказаўая яго ўдзелу ўмасавым мерапрыемстве. прадастаўленая інфармацыя што ў яго дзіця малое на ўтрыманні. Я лічу што пакаранне сваёй жорсткасцю не апраўданае», – кажа маці Івана, Ала Куракевіч.

Агулам, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», штрафамі ды арыштамі за ўдзел у мірных акцыях пакаралі сёння каля сямі дзясяткаў беларусаў.

Ірына Дарафейчук belsat.eu