Хатні гвалт: якое развязанне праблемы абяцае кандыдат на дэпутацтва Ігар Барысаў?


Супрацьдзеянне хатняму гвалту – адзін з тэзісаў праграмы Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Яе старшыня і кандыдат на дэпутацтва Ігар Барысаў прысвяціў праблеме адмысловы пікет.

«У нас пытанне хатняга гвалту не публічнае, яно прыхаванае. Аднак статыстыка сведчыць зусім па-іншаму. І таму, каб стаць на бок мужчынаў, жанчын, дзяцей, якія пацярпелі ў выніку хатняга гвалту, патрэбна гэта ўсё ўнармаваць заканадаўча», – кажа Ігар Барысаў, кандыдат на дэпутатцтва.

Статыстыка сапраўды несуцяшальная. Паводле МУС, кожнае трэцяе цяжкое злачынства ў Беларусі здзяйсняюць у сям’і ці пры супольным пражыванні. Такіх выпадкаў за год каля тысячы. Адміністратыўных правапарушэнняў за гэты ж перыяд – у 50 разоў болей. У 80-ці адсотках выпадкаў ахвярамі становяцца жанчыны. Афіцыйная статыстыка пры гэтым не адлюстроўвае ўсяго маштабу праблемы, мяркуе ініцыятарка зменаў.

«Як мусяць паводзіць сябе міліцыянеры, калі да іх прыходзіць ахвяра хатняга гвалту? Там мусіць быць нейкая памятка для іх, што рабіць. Цяпер заявы ў асноўным не прымаюцца. Кажуць, што вы памірыцеся і прыйдзеце заявы забіраць, і гэтак далей», – кажа прадстаўніца жаночай групы БСДП (Грамада) Людміла Волкава.

Нават калі заяву прымуць, ахвяра зазвычай застаецца ў адной кватэры з агрэсарам. Ізаляваць яго праваахоўнікі могуць, калі міліцыя паўторна зафіксуе факт збіцця цягам года і паставіць гвалтаўніка на прафілактычны ўлік.

«Калі жонка піша заяву на мужа, то гэта адміністратыўнае правапарушэнне. Гэта штраф, максімум – гэта некалькі содняў плюс штраф, і гэта ўсё плаціцца з сямейнага бюджэту. Ён вяртаецца дадому яшчэ больш злы, агрэсія накопліваецца, натуральна, куды ён яе вылівае? Зноў жа на сваю сям’ю», – кажа прадстаўніца жаночай групы БСДП (Грамада) Людміла Волкава.

Летась Міністэрства ўнутраных справаў распрацавала новую канцэпцыю закону датычна хатняга гвалту. Аднак дакумент раскрытыкаваў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік краіны назваў праблему, цытата, «глупствам, узятым з Захаду». А як на праблему глядзяць самыя беларусы?

Жыхары Гомля:

«Звычайна позна ўвечары высвятляюць стасункі. І вы ведаеце што? Сярэдні ўзрост – ад 30 да 45 у прынцыпе. І ў самых было. І моладзь».

«Не заўсёды яна праўдзівая, тое, што выдаюць за гвалт, можа быць проста хатняю спрэчкаю».

«У каго тэстастэрону больш, той больш агрэсіўны, натуральна, дзесьці выпускае. На працы ён не можа выпусціць нейкі пыл, і вось ён удома, на сямʼі».

Ігар Барысаў паабяцаў: калі трапіць у Палату прадстаўнікоў – будзе ініцыяваць прыняцце закону супраць хатняга гвалту.

Юлія Лабанава belsat.eu