Хатні арышт замест палітычнага дыялогу


Афіцыйная заява Каардынацыйнай Рады транзіту ўлады: адвакат Ілля Салей і юрыст і перамоўнік Лілія Уласава застаюцца палітвязнямі. Хоць іх і перавялі са следчага ізалятару пад хатні арышт, гэта не вызваленне, яны застаюцца ў статусе абвінавачаных. Падрабязнасці зменаў у крымінальных справах супраць палітычных праціўнікаў Лукашэнкі.

Раніцай стала вядома пра перавод пад хатні арышт паліттэхнолага Віталія Шклярава. Дзяржаўныя тэлеканалы з падачы спецслужбаў называлі яго кансультантам тэлеграм-супольнасці «Страна для жизни».

Пазней журналістам паведамілі, што пад хатні арышт перавялі Іллю Салея – адваката Марыі Калеснікавай, і Лілію Уласаву – гэта людзі з каманды банкіра Віктара Бабарыкі, якога ўлады не дапусцілі да ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах. Атрымліваецца, у камерах пакінулі толькі 7 з 12-ці ўдзельнікаў сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Следчым ізалятары КДБ.

«Не ведаю, ці гэта саступкі, але ў любым выпадку гэта сведчанне ягонай слабасці, ён нервуецца, у яго няма добрых хадоў, і таму ён вымушаны выпускаць палітвязняў. Праўда, пакуль на ўмовах непрыстойных, але ён вымушаны, і ён адступае», – перакананая Ганна Красуліна, прэс-сакратар Святланы Ціханоўскай.

Адвакат Ліліі Уласавай паведаміў «Белсату», што ў яе баявы настрой, а здароўе дома палепшылася. Але гэта хатні арышт, выйсці на двор нельга, удзельнічаць у грамадскім жыцці нельга.

«Яна не можа размаўляць ні з кім, акрамя мужа, з якім пражывае, і сваімі адвакатамі. Забаронена карыстацца інтэрнэтам, адпраўляць нейкія паведамленні», – патлумачыў «Белсату» абмежаванні адвакат Ліліі Уласавай Андрэй Мікалаеў.

Але забароны існуюць не для ўсіх. Юрый Васкрасенскі, былы ўдзельнік ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, які каардынаваў працу зборшчыкаў подпісаў у адным з менскіх раёнаў, цяпер свабодна ездзіць па студыях дзяржаўных тэлеканалаў і заклікае яднацца, каб абараніць дзяржаву. Раней было наадварот.

«Палітычны пераслед – яго быць не мусіць. Бо бізнес любіць цішыню, і інвестары любяць цішыню», – казаў «Белсату» Юрый Васкрасенскі тры гады таму.

Васкрасенскі, якога Лукашэнка ў СІЗА пасадзіў па правую руку, быў некалі першым сакратаром ЛКСМБ – Ленінскага камуністычнага саюзу моладзі Беларусі, уваходзіў у Бюро ЦК Камуністычнай партыі, потым хадзіў па розных грамадскіх арганізацыях, быў дэпутатам Менскага гарадскога савету, уваходзіў у розныя дзяржаўныя камісіі ды быў дэлегатам Усебеларускага народнага сходу. Цяпер дзяржСМІ кажуць, што ён каардынуе рэформу беларускай Канстытуцыі і прапаноўвае, каго з палітвязняў пераводзіць пад хатні арышт.

«Са штабу альтэрнатыўнага кандыдата Юрый Васкрасенскі даў інтэрв’ю, у якім поўнасцю раскрыў усе карты. Ён расказвае, як яны рыхтаваліся. Не было ні праграмы, нічога не было, усё на эмоцыях», – так Лукашэнка пераконваў працаўнікоў агракомплексу «Дзяржынскі» 21 жніўня.

Але Васкрасенскага ніхто не ўспрымае як апазіцыянера, кажа палітолаг Валерый Карбалевіч. Таму гэта толькі імітацыя палітычнага дыялогу з боку Лукашэнкі.

«Ён зразумеў, што толькі грубай сілай і сілавым сцэнаром вывесці краіну з палітычнага крызісу немагчыма. Таму што пратэсты працягваюцца, нягледзячы на ўсе рэпрэсіі, таму што цана, якую даводзіцца плаціць рэжыму за падаўленне пратэстаў, вельмі высокая», – кажа пра Лукашэнку Карбалевіч.

Эксперт тлумачыць, што Лукашэнка спрабуе стварыць з некаторых адабраных палітвязняў цэнтр апазіцыйных сілаў, альтэрнатыўны Святлане Ціханоўскай, каб замест змены ўлады прапанаваць грамадству змену Канстытуцыі.

Але расколу не атрымліваецца.

«Еднасць непарушная, усе дзейнічаюць адзіным фронтам. І нашыя патрабаванні застаюцца тымі ж: для пачатку перамоваў – адстаўка Лукашэнкі і вызваленне ўсіх палітвязняў», – заяўляе Ганна Красуліна.

Вызваленне, а не хатні арышт.

Яраслаў Сцешык belsat.eu