Хапун у Менску: сілавікі бралі ўсіх запар і білі


Канец менскага маршу недармаедаў. Група анархістаў, якія бралі ўдзел у акцыі, сядае ў тралейбус. Спробы асобаў у цывільным затрымаць маладзёнаў скончыліся паразаю праз салідарнасць мінакоў. Але праз колькі прыпынкаў тралейбус быў спынены

Дзяўчат цягнулі за валасы, хлопцаў – поцегам па асфальце

Ужо ў РАУСе стала вядома, што былі затрыманыя не толькі прадстаўнікі анархісцкага руху, але і выпадковыя пасажыры, ў прыватнасці 31-гадовы жыхар Масквы Павел Маркаў. Бліжэй да дванаццатай ночы непаўнагадовых з РАУСу выпусцілі.

«Калі нас закідвалі ў сам мікрааўтобус, там былі яшчэ вольныя месцы, але мяне чамусьці кінулі на падлогу, а астатніх проста трамбавалі, усе ляжалі і не маглі рухацца, а міліцыянты былі зверху на нас», – узгадвае Ян Мурашка, удзельнік дазволенай акцыі.

Лік затрыманых па краіне склаў больш за паўсотню чалавек

«Увогуле не зразумела, чаму гэта адбылося, акцыя была дазволеная, усе было мірна, без ніякіх інцыдэнтаў, не было ніякіх гвалтоўных дзеянняў з боку тых, хто ўдзельнічаў у шэсці», – нагадала Ірына Сухій, сябра савету ГА «Экадом».

Брутальныя затрыманні былі і ў Магілёве

У гэтым горадзе людзі спрабавалі перашкодзіць сілавікам, літаральна скрасці аднаго з удзельнікаў акцыі. Мужчыну прымусова запіхнулі ў машыну без якіх-кольвек апазнавальных знакаў. На капоце засталіся сляды крыві.

Паўсюль сілавікі працавалі ў цывільным

Міліцыянты ў форме проста ігнаравалі і хапун, і гвалт, і заклікі аб дапамозе.

Першы дазволены марш супраць дэкрэту №3 стаў і самым брутальным па колькасці затрыманняў. Відавочна, што дзеянні міліцыі падвышаюць градус запалохвання напярэдадні наступнай акцыі, якая прызначана на 25 сакавіка.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: minskby.com