Хаос у Іране. Чым незадаволеныя людзі?


Акцыі пратэсту ідуць у паўсотні гарадоў, у сутычках з сілавікамі загінула больш за два дзясяткі асобаў, у тым ліку паліцыянты, арыштаваныя не менш за 450 дэманстрантаў. У Іране забароненыя або заблакаваныя заходнія сацыяльныя сеткі, праз якія маладыя іранцы каардынавалі свае дзеянні.

Вярхоўны лідар вінаваціць ува ўсім замежных ворагаў

«Вораг падрыхтаваўся да магчымасці прарвацца праз пралом у сцяне. Паглядзіце на падзеі апошніх дзён! Усе гэтыя ворагі Ірану, якія маюць грошы, палітыкаў, зброю і шпіёнаў, аб’ядналіся, каб стварыць праблемы ўладзе ісламу, Ісламскай рэспубліцы. У мяне ёсць, што сказаць людзям пра апошнія дні, і я звярнуся да людзей, калі, з Божаю дапамогаю, прыйдзе адпаведны час», – заявіў аятала Алі Хамэнэі.

Ролю «добрага паліцыянта» ў тэлевізары выконвае Хасан Рухані, прэзідэнт, але не кіраўнік Ірану. У першыя дні пратэстаў ён выступаў за права людзей на мірныя дэманстрацыі, а цяпер таксама заклікае іранцаў супрацьстаяць замежным нядобразычліўцам.

Рухані прызнаў: пратэсты выкліканыя недахопам свабоды

«На першы погляд, гэта выглядае як пагроза, але нам трэба ператварыць яе ў магчымасць. Нам трэба пабачыць, у чым праблема. Частка тых, каго вывелі на вуліцы, падпарадкоўваецца загадам з-за мяжы, але некаторыя людзі выйшлі з прычыны эмоцыяў і праблемаў. Не толькі эканамічных», – заявіў прэзідэнт.

Пратэсты пачаліся ў мінулую сераду

Каталізатарам сталі планы ўладаў скараціць сацыяльныя праграмы, у паўтара разу падвысіць кошты на паліва і павялічыць ваенны бюджэт. Калі паліцыя жорстка разагнала дэманстрантаў у горадзе Машгад, да эканамічных лозунгаў дадаліся заклікі зрынуць дыктатуру.

На дзяржаўным тэлебачанні транслююць арганізаваныя дэманстрацыі дзеля падтрымання ўладаў, кажуць пра знойдзеныя доказы ўмяшання заходніх выведак і радыкальных ісламістаў-такфірытаў, а таксама заяўляюць аб атаках баевікоў на паліцэйскія пастарункі з мэтаю захопу зброі.

Іранцы патрабуюць спыніць падтрыманне ліванскай «Хізбулы» і палестынскага ХАМАСу

Пратэстоўцы таксама супраць ўдзелу ва ўзброеных канфліктах у Емене, Іраку і Сірыі. Іран – асноўны саюзнік рэжыму Башара Асада. Паводле прагнозаў палітолагаў, нават калі рэжым аятол выстаіць, масавыя пратэсты прымусяць Тэгеран згарнуць сваю прысутнасць у Сірыі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Khaled Abdullah / Reuters / Forum