Аб'ектыў 30.10.2018 Хакейныя заўзятары патрабуюць звольніць трэнерскі штаб ХК «Дынама»


Ані суровы выраз твару Ігара Шуневіча, ані лукашэнкаўскія натацыі эфекту не далі. Пасля адзінаццатай запар паразы хакейнага «Дынама» (Менск), расчараваныя заўзятары патрабуюць звольніць трэнерскі штаб. І стварылі для гэтага адмысловую петыцыю.

«У вас жа грамадская праца, я заўсёды пра гэта кажу. Таварыства «Дынама» і хакейная каманда «Дынама». Святло ў канцы тунэлю быццам бы», – выказваўся Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з міністрам унутраных справаў у сакавіку.

Быццам бы і святло, але ці то тунэль доўгі, ці то дабегчы няма моцы. Хакейны клуб «Дынама» прайграў у матчах Кантынентальнай хакейнай лігі адзінаццаты раз запар. 3:6 – вынік учорашняга спаткання з хабараўскім «Амурам», таксама аўтсайдарам лігі. А яшчэ ў траўні Лукашэнка ўскладаў надзею ўсяго беларускага хакею на міліцэйскі клуб:

«Што будзем рабіць з хакеем? Зразумела, што рабіць, але як мы будзем рабіць у зоне вашай адказнасці «Дынама». Бо мы дамаўляліся, што «Дынама» станецца базаю для рыхтавання гульцоў для зборнай каманды».

Што праўда, у верасні, з пачаткам сезону аптымізму ў прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту паменела:

«Нейкая нягеглая гульня з маскоўскім «Дынама». Нейкія перапады, што там адбываецца ў «Дынама», як яны будуць жыць і працаваць?»

На камеры важна паказаць: усё – пад асабістым кантролем. Зрэшты, апантанасць хакеем заўважная і ў старшыні назіральнай рады клубу Ігара Шуневіча: чаго вартыя толькі прэзентаваныя летась клюшкі ад вязняў. Ігар Карней, журналіст «Радыё Свабода»:

«Тое, што кіруе хакейнаю камандаю міністр унутраных справаў і намеснікі ягоныя ў клубе таксама, і сілавікі, то з аховы прэзідэнта, то з КДБ, то з іншых сілавых структураў – гэта проста прафанацыя».

Хакеем у нас займаюцца на найвышэйшым узроўні, вынік жа – мізэрны. Для людзей, далёкіх ад спорту, сітуацыя, можа, і выглядае камічнаю. Заўзятараў жа такі стан рэчаў толькі засмучае: па выніках гульняў менскае «Дынама» апусцілася на самы ніз агульнай турнірнай табліцы КХЛ.

А на сайце change.org з‘явілася петыцыя за адстаўку трэнерскага штабу:

«Як толькі прыйшоў новы трэнерскі штаб, мы пачалі марудна і ўпэўнена падаць у яму. Былі яркія перамогі раней, але за 22 матчы ў гэтым сезоне іх наагул няма. У сувязі з адзінаццатай паразай запар сілы заўзець, на жаль, мала ў каго засталіся».

Больш як год таму для «Дынама» (Менск) нанялі нятаннага канадскага трэнера Гордзі Дўаера. На думку Ігара Карнея, звольніць яго не могуць праз вялікую суму прапісаных у кантракце адступных.

Петыцыю скіруюць у Федэрацыю хакею Беларусі. Яшчэ на мінулым тыдні яе кіраўнік Генадзь Савілаў заявіў, што налета менскае «Дынама» сальецца з федэрацыяй у адно. Сітуацыю пракаментаваў Уладзімір Крыўлін, спартовы аглядальнік выдання «Комсомольская правда»:

«Хакейны клуб – гэта больш камерцыйны праект, так ува ўсім свеце. У нас – зноў-такі, усё інакш. Мяне вось трохі здзівіла, Генадзь Савілаў казаў пра гэтае зліццё, і адная з першых прычынаў, якія ён называў, – гэта каб было ў каго спытацца за вынік. То бок зноў нашыя рэаліі: галоўнае не вынік, а каб было з каго спытаць».

Несістэматычнасць, неадпаведнае трэнаванне, цяжкі псіхалагічны стан хакеістаў? Якая ж прычына такіх паразаў? Жыхары сталіцы выказваюць і іншыя здагадкі:

«У «Дынама» (Менск) палова была легіянеры. І яны пераважна рабілі гульню. Цяпер, відавочна, арыенцір узялі на сваіх гульцоў».

«Калі яны не могуць скокнуць вышэй за галаву, то колькі ім ні плаці, яны гэтага не зробяць».

«Раздзерлі статак цялят нашых. Гэта нават не каровы і не зубры, гэта цяляты. Хацелася б, каб нехта яшчэ і пастуха з’еў».

Наступны матч хакейнага «Дынама» (Менск) адбудзецца ўжо 1-га лістапада.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Петыцыя «Аб змене трэнерскага штабу ХК «Дынама-Менск» на партале change.org

Глядзі таксама
Каментары