Хабары ў медыцыне. Былы намеснік міністра аховы здароўя прызнаўся ў судзе


Былы намеснік міністра Ігар Ласіцкі сёння ўпершыню пасля затрымання ў чэрвені 2018-га паўстаў перад публікай. У спартовым строі з дзяржаўнай атрыбутыкай, ён трымаўся бадзёра і актыўна камунікаваў са сваёй абаронай. Але, далей, цягам працэсу, стала вядома – на чым пагарэў чыноўнік.

Хоць не Ласіцкі, а былы кіраўнік 12-й стаматалагічнай клінікі Уладзімір К. быў сёння асноўным выступоўцам на судзе. На яго следства мае каля дзесяці эпізодаў. У асноўным гэта «падзякі» бізнесоўцаў за набыццё клінікай іх медычнага абсталявання. За апошнія пяць гадоў Уладзімір К. атрымаў падзякаў на амаль 30 тысяч долараў – налічыла следства.

«Цяжкі сёння дзень. Якія чаканні па выраку? Без каментароў», – кажа падсудны Уладзімір К.

Hавiны
«Шкадую, што не здолеў устрымацца ад спакусы». Як медычныя функцыянеры бралі хабары на дзясяткі тысяч долараў
2019.01.11 13:58

Ласіцкі курыраваў гаспадарчую дзейнасць міністэрства, а таксама ўзначальваў камісію экспертызаў. Грошы чыноўніку перадавалі ў канвертах, напрыклад, 10 тысяч долараў за допуск да бюджэтнага конкурсу закупак абсталявання, якое не мае рэгістрацыі ў Беларусі.

«Якія чаканні ад выраку? Час пакажа», – гавораць сваякі І. Ласіцкага.

За саму рэгістрацыю прэпарата ці абсталявання – дзве тысячы. Менавіта столькі перадаў Уладзімір К. Ласіцкаму два гады таму. Для таго, каб фірма дачкі стаматолага атрымала рэгістрацыю на новыя імпланты ў Беларусі без адпаведных клінічных выпрабаванняў. І гэта не ўсе маштабы карупцыі. Працяг будзе. У панядзелак на працэсе выступаюць сведкі.

Алесь Залеўскі, belsat.eu