Гуркоў, «Nizkiz» і Алексіевіч фінансуюць інклюзіўны спектакль


Купалаўскі рыхтуе прэм’еру! На сцэне беларускага тэатру мае паўстаць незвычайная пастаноўка – інклюзіўная – з удзелам дзяцей з аўтызмам. Між тым, каб спектакль пабачылі гледачы, патрэбныя сродкі.

14-гадовы мянчук Максім Лагун далучыўся да сямейнага інклюзіў-тэатру «І» 4 гады таму. Дыягназ хлопчыка – аўтызм – аніяк не перашкаджае яму быць на сцэне.

«Я знаёмлюся з людзьмі і дарослымі», – распавядае малады актор.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Бацькі Максіма адзначаюць, што тэатр дапамагае сыну пачувацца лепей.

«Тэатр – гэта маленькае жыццё, а нам гэта вельмі патрэбна. Бо дзіцяці з аўтызмам вельмі важна быць у соцыуме», – кажа Кацярына Лагун, матуля хлопца.

Сёлета Максім грае адную з роляў у спектаклі «Аднойчы ў вялізным горадзе», які мусіць стаць першаю інклюзіўнаю прэм’ерай для Купалаўскага тэатру. Тое, што некаторыя акторы маюць аўтызм, на думку працаўнікоў тэатру, – не перашкода.

«У спектаклі граюць акторы, і гэта галоўнае. І гэтыя акторы гатовыя выходзіць на сцэну і рабіць мастацтва», – кажа Вольга Кулікоўская, кіраўніца аддзелу развіцця Купалаўскага тэатру.

Спектакль «Аднойчы ў вялікім горадзе» зроблены на падставе аповесці Дастаеўскага «Хлопчык у Хрыста на ялінцы».

«Спектакль даволі складаны, ён закранае філасофскія моманты. Пра адзіноту чалавека ў натоўпе, у вялікім горадзе, пра сяброўства, каханне, вечныя каштоўнасці, у тым ліку і смерць», – распавядае Ірына Пушкарова, мастацкая кіраўніца тэатру.

Кожны спектакль патрабуе грашовых выдаткаў. Каб акторы інклюзіўнага тэатру «І» змаглі выйсці на сцэну Купалаўскага тэатру, дапамагчы можа кожны з нас.

Падтрымаць спектакль «Аднойчы ў вялізным горадзе» можна на пляцоўцы «Ulej».

Да краўдфандынгавай кампаніі далучыліся і шмат якія вядомыя беларусы, сярод іх шматразовы чэмпіён свету па муай-тай Віталь Гуркоў, музыкі гурта «Nizkiz» і нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч. Збор сродкаў працягнецца да 14 лютага.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu