«Грошы на супертрактар знікнуць у пяску». Эканамісты – пра мары Лукашэнкі


Беларускія навукоўцы могуць даць рады марам Лукашэнкі. Але не пры Лукашэнку.

Пратэставаўшы на днях апошнюю мадэль амерыканскага электрамабіля «Тэсла», кіраўнік краіны даручыў айчынным распрацоўнікам стварыць годны беларускі аналаг. Падчас наведвання Дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжу кіраўнік краіны акрэсліў курс і на стварэнне суперцяжкавіка, суперкамбайна і нават супертрактара.

Паводле кіраўніка аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леаніда Заікі, стратэгія для развіцця Беларусі і сапраўды мае базавацца на высокіх тэхналогіях, усё астатняе – учорашні дзень.

«Цалкам рэальна, калі цалкам прыбраць усю ўрадавую каманду, калі Аляксандр Рыгоравіч сыдзе ў пастаянна дзейны доўгатэрміновы адпачынак – і месцы ўва ўрадзе зоймуць людзі з інжынернай і эканамічнай адукацыяй,прасунутыя навукоўцы. А не так, як у нас зараз – спецыялісты ў галіне водазабеспячэння, каналізацыі, ветэрынарныя лекары або будаўнікі», – кажа Леанід Заіка.

Тым часам супертэхніку прыдумляюць пакуль у краінах, дзе абыходзяцца без загадаў з боку дзяржавы – Японіі, ЗША, краінах Еўропы.

«У нас даецца каманда: зрабіць супертрактар, суперкамбайн, суперэлектрамабіль. І следам ідуць грошы на Трактарны завод, на «Гомсельмаш», на МАЗ, зараз можа на «Джылі», і гэтыя грошы або раскрадаюцца, або папросту знікаюць недзе ў пяску», – кажа Леў Марголін.

Абодва апытаныя намі эксперты пагадзіліся, што прафесіяналы, здольныя варушыць мазгамі, у Беларусі ёсць.

ДД