Грашовая пастка для беларусаў


Эканоміка – на старых рэйках, але з новымі купюрамі. Хрусткія рублі 2020 года выпуску з‘явіліся сёлета разам з выбарчымі абяцаннямі ды падвышэннем пенсіяў і заробкаў. Але, паводле адмыслоўцаў, эканамічнымі дасягненнямі гэтыя купюры не падмацаваныя.

«Грашовая база павялічылася амаль на 35 адсоткаў. Калі ўзяць наяўныя грошы, то на 1 ліпеня яны павялічыліся на 25 адсоткаў і, безумоўна, гэта вельмі істотнае павелічэнне, якое кажа пра тое, што грошай не хапае нават пры падзенні ВУП на 2 адсоткі, росце складскіх запасаў, неплацяжах, крэдытах – груба кажучы, эканоміка ідзе ў разнос», – такую ацэнку дае эканаміст Яраслаў Раманчук.

Сітуацыю ж з манетарнаю палітыкай у краіне эканаміст называе валютным шокам:

«Калі наяўных становіцца на 25 адсоткаў больш, а экспарт і валютная выручка падаюць на гэтых жа 25 адсоткаў, атрымліваецца, што меншая колькасць долараў адпавядае большай колькасці рублёў. Як толькі людзі пачнуць разумець, што іх чакае, яны, канечне ж, яшчэ большы попыт прад’явяць на валюту – і тут інфляцыя і дэвальвацыя непазбежныя. Таму можна рыхтавацца да курсу 3 рублі за долар, а тое, што будзе ў 21-ым годзе, можа пераўзысці нашыя самыя смелыя чаканні».

Ці вытрымаюць валютны шок банкаўскія ўстановы? І ці могуць грамадзяне ўпэўнена давяраць банкам свае ашчаджэнні?

«Банкі знаходзяцца ў хісткай сітуацыі, у іх вельмі малы запас трываласці, і пытанне дэфолту прынамсі ў частцы банкаўскіх укладаў – гэта рэальная рызыка. Улады будуць спрабаваць гэтага не дапусціць, магчыма, ім гэта ўдасца, але рызыка таго, што банкаўскія ўклады раптам стануць недаступныя для грамадзянаў, досыць высокая», – ацэньвае Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату».

Ці разумеюць гэтыя рызыкі грамадзяне? Трымаюць грошы ў банках або забіраюць адтуль свае кроўныя?

«Я трымаю ў банку, але давяраю мала, бо няма выйсця – не ў кватэры ж трымаць. Але давяраю мала, бо ў любы момант могуць адмяніць хаджэнне валюты, і паводле якога курсу нам будуць вяртаць ужо ў беларускіх рублях?»

«Ён прадаў усю краіну і прадасць усе банкі, што тады рабіць, калі яны прападуць? Хто ён? Тры адсоткі».

«Беларускія банкі стабільныя, адэкватныя, ім можна давяраць».

А мы запыталі парады ў адмыслоўцаў: каб не збяднець, у чым і дзе трымаць грошы?

«У цяперашняй сітуацыі пры адсутнасці рынкавых механізмаў на фондавым рынку найразумнейшае, што рэкамендуюць эканамісты, – трымаць грошы ў наяўнай цвёрдай валюце… У слоіку», – кажа эканаміст Станіслаў Івашкевіч.

За гады кіравання Лукашэнкі нашая краіна стала лідарам сярод постсавецкіх краінаў паводле ступені абясцэньвання нацыянальнай валюты. Беларускі рубель адносна долара абясцэніўся ў больш як 23 разы. Паводле эканамістаў, увосень пачнецца яшчэ больш паскоранае падзенне.

Вольга Старасціна, «Белсат»