Аб'ектыў 19.09.2019 Грамадзянскія актывісты па ўсёй краіне ідуць у дэпутаты


Удзельнікі экалагічных пратэстаў супраць шкодных ці небяспечных прадпрыемстваў у розных гарадах краіны вылучаюцца ў кандыдаты.

Чарговы этап выбарчай кампаніі – зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы збіраюць подпісы за вылучэнне кандыдатаў на дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў. У Берасці подпісы за сваіх вылучэнцаў актыўна збіраюць праціўнікі акумулятарнага заводу «АйПаўэр».

«Калі прыйшоў момант вылучэння, устала пытанне паміж іншага і на плошчы, і сказалі, давайце будзем высоўваць сваіх кандыдатаў», – узгадвае вылучэнец на кандыдата, блогер Аляксандр Кабанаў.

«Мы хочам змяніць законы, каб людзі маглі вырашаць на сваёй зямлі, ці можна пабудаваць шкоднае прадпрыемства, ці не», – тлумачыць вылучэнец на кандыдата, праваабаронца Раман Кісляк.

Чацвёра вылучэнцаў – Раман Кісляк, Аляксандр Кабанаў, Уладзімір Мароз і Алена Макарэвіч – зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы ўва ўсіх чатырох выбарчых акругах у Берасці і Берасцейскім раёне. У агульнай камандзе для збору подпісаў працуюць каля сотні чалавек.

«Гэта берасцейцы і жыхары раёну, неабыякавыя людзі, якія хочуць закрыць завод і якія незадаволеныя сітуацыяй, што склалася», – кажа Раман Кісляк.

А якімі маюць быць дэпутаты на думку берасцейцаў?

«Грамадства вельмі разнастайнае, таму маюць быць з усіх слаёў грамадства».

«Напэўна кампетэнтнымі».

«Прыстойнымі і адукаванымі, адказнымі».

«Чуць патрэбы людзей, адштурхоўвацца ад гэтага, быць побач з людзьмі», – адказваюць жыхары Берасця.

Праблема чыстага паветра ўзнікла ў розных рэгіёнах Беларусі, дзе будуюцца ці ўжо дзеюць шкодныя ды небяспечныя для наваколля прадпрыемствы. У Светлагорску на Гомельшчыне гэта завод беленай цэлюлозы.

«Дэпутат павінен прыбраць гэты кітайскі завод».

«Чыстае паветра, каб пра нас хто-небудзь паклапаціўся».

«Завод, канечне, вельмі смярдзіць, праблемы са здароўем і ў дзяцей, і ў дарослых».

«Ды завод гэты няхай зносяць ці што з ім робяць, фільтры ставяць, бо смурод невыносны», – кажуць жыхары Светлагорску.

Андрэй Смалянчук, нарадзінец Светлагорску, вылучыўся на кандыдата, бо мяркуе, што ўсе іншыя спосабы абараніць інтарэсы гараджанаў ужо выкарыстаныя:

«Былі пройдзеныя не адзін раз усе міністэрствы і ведамствы, усё адпіскі, усё вяртаецца ў мясцовыя органы, ідзе па коле. То бок адзіны выхад – ісці ў палітыку, ісці ў дэпутаты, каб на найвышэйшым узроўні прадстаўляць інтарэсы людзей».

Барацьба з экалагічнымі праблемамі сталася і прычынаю вылучэння магілёўскага актывіста. Праціўнік будоўлі заводу «Омск Карбон» Андрэй Бодзілеў таксама цяпер збірае подпісы.

«Усё пачалося з таго выкіду сажы, які накрыў Вейна і пра які кажуць вяйнянцы ды навасяльчане. Рашэнне пайсці кандыдатам у дэпутаты я прымаў ужо ўбачыўшы, што ніякіх зрухаў з боку ўладаў і з боку кіраўніцтва «Омск Карбону» няма», – тлумачыць Андрэй Бодзілеў.

Для рэгістрацыі ў якасці кандыдата на выбарах кожны вылучэнец мае сабраць не менш за тысячу подпісаў.

Ірына Дарафейчук belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары