5 гадоў зняволяння за знятую з сілавіка балаклаву


Суд над беларускай з швейцарскім пашпартам пачаўся а палове на адзінаццатую раніцы і цягнуўся амаль да канца працоўнага дня. Пакуль прысуду Наталлі Хершэ не вынеслі. Жанчыну вінавацяць у тым, што яна нібыта нанесла фізічную шкоду міліцыянту падчас затрымання на жаночым маршы ў верасні. Зняла ягоную балаклаву ды падрапала твар.

«Усе былі здзіўленыя. Спрачаліся пра тое, што ж там пашкодзіла мая сястра. Аказваецца, гэта драпіна ў куце вока, якую можна было проста заліць ёдам ці зялёнкаю памазаць. Як доктар, я гэта добра ведаю. Але з гэтай драпіны раздзьмулі такі вось працэс. Амапавец патрабуе спачатку 500, а цяпер ужо 1000 беларускіх рублёў кампенсацыі, якую ён мусіць выдаткаваць як добраахвотную ахвяру дзіцячаму анкалагічнаму цэнтру. Гэта ўвогуле было смешна. У зале пракаціўся смех» – кажа Генадзь Касьян, брат Наталлі Хершэ.

Акрамя тысячы рублёў кампенсацыі Наталля можа паплаціцца і свабодаю тэрмінам да пяці гадоў. Сёння пракурор запатрабаваў для яе 2 з паловаю гады калоніі агульнага рэжыму. Пра гэткія вынікі ўдзелу ў мірных акцыях пратэсту жанчына і падумаць не магла, калі ехала ў Менск да сваякоў у адпачынак.

«Наташа казала, што, калі яе затрымлівалі, ёй было вельмі страшна. Яна прыехала з іншае дзяржавы і ведала, што ў Беларусі ўжо і раней былі знікненні людзей, смерці, забойствы, гвалт. І яна вельмі спужалася. І я падзяляю гэтую пазіцыю. І таму ейныя дзеянні ў дачыненні гэтага сілавіка я лічу абаронай сумленнага чалавека ад гвалту» – кажа Генадзь Касьян, брат Наталлі Хершэ.

Месца ў зале паседжанняў усім не хапіла. Падтрымаць Наталлю прыйшлі дзяўчаты, з якімі яна сядзела 15 содняў на Акрэсціна і ў Жодзіне яшчэ паводле першае адміністратыўнае справы. Сярод іх і журналістка «Белсату» Алена Доўнар. Дзяўчына дагэтуль успамінае, як Наталля ёй дапамагла за кратамі.

«Калі мяне перавялі ў камеру, у мяне забралі ўсе рэчы мае. І вось Наташа мне і ежу давала, і пасту, каб зубы пачысціць, і крэм свой. Вельмі гэтак дапамагала. У камеры так заўсёды. Калі ў цябе чагосьці няма, усё становіцца агульным, і кожны чалавек спрабуе дапамагчы. І вось Наташа была менавіта такім чалавекам. І потым, калі мяне перавялі ў Баранавічы, я ўсё ўспамінала яе, бо гэта чалавек, які даваў мне моц увесь час» – успамінае Алена Доўнар, журналістка «Белсату».

Пільна сочаць за развіццём справы таксама дыпламаты і суполка беларусаў у Швейцарыі. Амбасадар у Менску асабіста прысутнічаў на паседжанні і ўжо некалькі разоў наведваўся да Наталлі ў следчы ізалятар.

Міхаіл Прановіч belsat.eu